Праз недахоп кадраў настаўнікаў пачатковых класаў ставяць выкладаць пяцікласнікам
У некаторых школах праблемы з кадрамі намагаюцца вырашыць даволі арыгінальным чынам.
01.09.2024 / 07:00
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Як стала вядома «Нашай Ніве», прынамсі ў некаторых школах Мінска настаўнікаў малодшых класаў плануюць ставіць выкладаць у пяцікласнікаў.
«Настаўнікаў малодшых класаў плануюць ставіць выкладаць у пяцікласнікаў толькі па тых прадметах, што ёсць у малодшай школе. Матэматыку, мовы і нават гісторыю», — кажа крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
Колькасць настаўнікаў у Беларусі змяншаецца, адзначае ThinkTanks. Больш за ўсё паменела настаўнікаў замежных моў. За апошнія пяць гадоў у беларускіх школах іх стала на 662 чалавекі менш.
На другім месцы па гэтым паказчыку знаходзяцца настаўнікі музыкі і спеваў. Іх стала на 460 чалавек менш.
Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры — на трэцім месцы (мінус 269 чалавек).
У той жа час колькасць школьнікаў за апошнія пяць гадоў павялічылася з 1,031 мільёна вучняў у 2019 годзе да амаль 1,090 мільёна ў 2023-м.
Тым не менш цягам некалькіх гадоў сітуацыя зменіцца, паколькі з прычыны спаду нараджальнасці апошніх гадоў колькасць выхаванцаў дзіцячых садкоў зніжаецца. Калі ў 2019-м было 437 тысяч выхаванцаў, то ў 2023-м — 356 тысяч.