Навукоўцы з Акадэміі навук заклікалі беларусаў ісці проста да іх, калі недзе вывудзяць адну рыбіну

У лабараторыі іхтыялогіі Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) заклікалі беларускіх рыбакоў звяртацца ва ўстанову ў выпадку, калі ім трапіцца сонечны акунь, і прынесці ім жывую ці замарожаную рыбіну, піша Telegraf.news.

30.08.2024 / 17:23

Сонечны акунь. Фота ілюстрацыйнае

У пачатку чэрвеня рыбак з Мінска паведаміў, што злавіў на ізаляваным дзікім вадаёме ў Дзятлаўскім раёне сонечнага акуня. Але самой рыбіны жыўцом навукоўцы самі не бачылі.

«Для таго, каб мы сцвярджалі, што сонечны акунь засяліў нейкі вадаём у Беларусі, нам патрэбны ваўчар, гэта самая рыбка, якую вылавілі. А то паказваюць фатаграфіі ў сацсетках, а рыба дзе?» — сказала загадчыца лабараторыі Алена Гайдучэнка ў праграме тэлеканала «Беларусь 1».

Таму яна папрасіла рыбакоў у выпадку, калі ім трапіцца сонечны акунь, тэлефанаваць альбо пісаць у лабараторыю, але не смажыць і не выпускаць рыбу.

«Для пацверджання патрэбная рыбка. У ідэале — жывая, у крайнім выпадку — замарожаная», — адзначыла Гайдучэнка.

Яна таксама расказала, што спачатку сонечнага акуня прывезлі ў Беларусь як рыбу для акварыума.

«Потым камусьці прыйшло ў галаву адпусціць рыбку на волю, а яна ўзяла і прыжылася», — адзначыла прадстаўніца НАН.

Сонечны акунь родам з Паўночнай Амерыкі. Упершыню на еўрапейскім кантыненце ён з'явіўся ў 1877 годзе. Дзякуючы добра развітай здольнасці адаптавацца да новых умоў пражывання сонечны акунь паспяхова рассяліўся па вадаёмах Еўропы.

У Беларусі гэты від рыбы адносіцца да інвазіўных (непажаданых), бо складае харчовую канкурэнцыю для прадстаўнікоў мясцовай іхтыяфаўны, знішчаючы пры гэтым іх ікру. Акрамя таго, гэтыя рыбы ядуць малюскаў і рыбных малянят.

Сонечныя акуні хутка размножваюцца і паступова выцясняюць са спрадвечных месцаў пражывання звычайнага рачнога акуня. Дарэчы, сонечнага акуня можна ўжываць у ежу людзям.

У беларускім вадаёме ўпершыню вылавілі незвычайную рыбіну

«Рыбу звычайна шкадуем». Асаблівасці рыбалкі па-беларуску

У Нёмане каля Мастоў вылавілі сома — два метры з гакам ФОТАФАКТ

«Сезон яшчэ не пачаўся, а ўжо ладна патраціўся». Ці можна зарабіць на агародзе, рыбалцы і паляванні?

Nashaniva.com