Дзяўчыну, якая вучылася ў Варшаўскім універсітэце і доўгі час жыла ў Польшчы, арыштавалі за дапамогу палітвязням

Кацярыне Мендрык пагражае да сямі гадоў калоніі.

30.08.2024 / 20:37

Кацярына Мендрык. Фота з сацсетак

Кацярыне Мендрык 26 гадоў. Згодна з інфармацыяй у сацсетках, яна нарадзілася ў Лідзе, але яшчэ ў дзяцінстве пераехала жыць у Гродна. Кацярына вучылася ў Варшаўскім універсітэце і доўгі час жыла ў Польшчы.

Згодна з раскладамі судоў, да затрымання па крымінальнай справе Кацярыну як мінімум двойчы асудзілі па палітычных адміністратыўных пратаколах пасля перасячэння мяжы. Ці жыла яна за мяжой стала — невядома.

Мендрык затрымалі пасля студзеньскага рэйду па салідарных з палітвязнямі, бо яна слала пасылкі і рабіла пераводы палітвязням у СІЗА. Па звестках праваабаронцаў, затрыманне адбылося троху пазней, бо на момант рэйду дзяўчына была за мяжой — яе затрымалі па вяртанні ў Беларусь.

Суд над Кацярынай пачнецца 9 верасня 2024 года ў Гродзенскім абласным судзе. Судзіць яе будзе Руслан Гурын. Ён выносіць палітычна матываваныя прысуды найменш з 2017 года і асудзіў па крымінальных справах больш за 20 палітвязняў. Нядаўна яго павысілі з суддзі Ленінскага раёна Гродна да суддзі Гродзенскага абласнога суда.

Кацярыне Мендрык пагражае да сямі гадоў калоніі.

30 жніўня праваабарончы цэнтр «Вясна» дадаў яе ў спіс палітвязняў.

Затрыманых некалькі соцень, некаторым пасля допытаў не вяртаюць пашпарты. Падрабязнасці аблавы на салідарных з палітвязнямі

Стала вядома, якія катэгорыі людзей пакінулі за кратамі пасля апошняй аблавы на салідарных з палітвязнямі

Пачынаюць судзіць бацьку палітвязня Мікіты Залатарова. Яму пагражае да сямі гадоў калоніі за падтрымку сына

Nashaniva.com