Невідушчы спявак з аўтаматам у руках на юбілей Лукашэнкі прыняў вайсковую прысягу
Прэс-служба Міністэрства абароны 30 жніўня расказала і паказала, як Пераможца шоу «Фактор.by», уладальнік Гран-пры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і стыпендыят спецыяльнага фонду Лукашэнкі па падтрымцы таленавітай моладзі Данііл Савеня прымае вайсковую прысягу.
30.08.2024 / 22:01
Фота: t.me/modmilby
Прапагандысты з Мінабароны падкрэсліваюць, што служыць у войску — мара дзяцінства невідушчага спевака, і дзеля яе здзяйснення яму «хапіла смеласці напісаць пра запаветнае галоўнакамандуючаму Узброенымі сіламі», то-бок Лукашэнку, які акурат сёння адсвяткаваў 70-гадовы юбілей.
Фота: t.me/modmilby
Сам спявак пра гэта расказаў у прынагодным інтэрв'ю:
«Служыць ва Узброеных сілах Беларусі я марыў з самага дзяцінства. Гэтая фраза не для пафасу сказаная.
Калісьці вельмі даўно мама запампоўвала мне аўдыёкнігі, і я слухаў іх. У нейкі момант мне на флэшку спампавалі «Аповесць пра сапраўднага чалавека». І ўва мне зарадзілася жаданне паслужыць сваёй краіне. […]
Калі я пазнаёміўся з гэтай кнігай, я паступова пачаў цікавіцца тэмай Вялікай Айчыннай вайны. І я ўсё больш і больш умацоўваўся ў думцы, што мне трэба, я хачу, я павінен апынуцца ў войску.
І вось, сабраўшыся з духам, я напісаў ліст галоўнакамандуючаму, нашаму прэзідэнту, пра тое, што хачу, магу і вельмі прашу дазволіць мне служыць ва Узброеных сілах. Галоўнакамандуючы ўхваліў гэтую ініцыятыву, і цяпер я сяджу перад вамі ў вайсковай форме».
Цяпер Данііл Савеня, як паведамляецца, будзе спяваць у складзе Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь.
«Московскій комсомолец» выдаліў свой артыкул пра Лукашэнку пасля скаргі Дзерманта
Пуцін узнагародзіў Лукашэнку ордэнам Андрэя Першазваннага