У памежным пункце пропуску «Брэст» з'явіліся зона адпачынку і фуд-трак

На тэрыторыі пагранперахода ў Брэсце для грамадзян, якія чакаюць сваёй чаргі на перасячэнне мяжы, абсталявалі тэрыторыю для адпачынку, паведаміла прэс-служба Мытнага камітэта.

31.08.2024 / 12:43

Фота: Мытны камітэт

Месцы для адпачынку ўладкавалі ў зялёнай зоне. Яны забяспечаны асвятленнем і зручнымі спускамі. Акрамя таго, на тэрыторыі пункта пропуску з'явіўся фудтрак, дзе можна купіць ежу і напоі. У ДМК таксама распавялі, што ўжо ў верасні пачнуцца работы па пашырэнні зоны чакання паблізу пункта пропуску.

Раней паведамлялася, што яе павялічаць больш чым у чатыры разы — з цяперашніх 135 машына-месцаў да 500. 

Пасля ўвядзення абмежаванняў на ўезд у Літву аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі, чэргі на мяжы з Польшчай рэзка выраслі. Нядаўна там быў усталяваны рэкорд: памежнікі налічылі ў чарзе больш за 100 аўтобусаў, а ўчора вечарам і сёння раніцай стаяла 1000 грузавікоў.

Nashaniva.com