Дроны атакавалі дзве электрастанцыі ў Расіі і маскоўскі НПЗ

Ноччу 1 верасня адбыўся масіраваны напад беспілотнікаў на расейскія вобласці. Былі атакаваныя і дзве ДРЭС у Маскоўскай і Цвярской абласцях, а таксама маскоўскі НПЗ.

01.09.2024 / 07:44

Расійскія паблікі публікуюць фота і відэа мясцовых жыхароў, на якіх бачны прылёт на тэрыторыю ДРЭС.

Паведамляецца пра два пажары пасля атакі БпЛА ў Цвярской вобласці — у Конакаве Цвярской вобласці пажар узнік каля мясцовай ДРЭС і каля газаразмеркавальнай сеткі «Конакава», якая з'яўляецца часткай магістральнага газаправода.

Расійскія ўлады таксама паведамілі пра атаку дронаў на Кашырскую ДРЭС у Падмаскоўі. Ахвяр і разбурэнняў няма, піша «РІА Навіны». Кашырская ДРЭС знаходзіцца на беразе Акі ў горадзе Кашыра Маскоўскай вобласці.

Мэр Масквы Сабянін таксама заявіў, што БПЛА спрабавалі атакаваць Маскоўскі нафтаперапрацоўчы завод. Паводле яго, «збілі беспілотнік у раёне МНПЗ — пашкоджанняў і пацярпелых няма, пагрозы працы МНПЗ няма».

Агулам пра паветраныя атакі ноччу 1 верасня паведамілі ўлады ў 10 рэгіёнах — Масквы, Маскоўскай вобласці (горад Кашыра), Бранскай, Варонежскай, Ліпецкай, Белгародскай, Тульскай, Разанскай, Цвярской і Калужскай абласцей.

Nashaniva.com