У Маладзечне сілавікоў урачыста засялілі ў новыя кватэры

У Маладзечне ўручылі ключы ад арэндных кватэр сем'ям 19 супрацоўнікаў райаддзела Дэпартамента аховы МУС.

01.09.2024 / 17:03

Фота тут і далей: kraj.by

Новы дом, дзе раздалі кватэры сілавікам, знаходзіцца ў Купалаўскім мікрараёне. На цырымоніі ўручэння ключоў былі начальнік дэпартамента МУС генерал-маёр міліцыі Аляксандр Шэпелеў і начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС палкоўнік міліцыі Сяргей Ермаловіч, паведамляе kraj.by.

«Для кожнага з вас гэта знакавая падзея. Дзяржава клапоціцца пра вайскоўцаў супрацоўнікаў міліцыі, якія, не лічачыся з асабістым часам, выконваюць пастаўленыя задачы для грамадскай бяспекі краіны», — павіншаваў сілавікоў Шэпелеў.

Супрацоўнікі атрымалі двухпакаёвыя арэедныя кватэры. Сярод навасёлаў ёсць як сем'і з дзецьмі, так і маладыя пары.

Адзін з іх — міліцыянт групы затрымання Алег Фядзько, ён служыць больш за 5 гадоў. Маладзечанскі аддзел Дэпартамента аховы МУС яго першае месца працы. З жонкай Ксеніяй яны жылі ў інтэрнаце, цяпер сталі ўладальнікамі вялікай двухпакаёўкі ў новым мікрараёне.

Пасля ўручэння ключоў для міліцыянтаў зладзілі канцэрт.

Nashaniva.com