«Споўнілі мару». У сеціве завірусілася відэа, як блогеры нібыта гуляюць у прыстаўку на вялікім экране ГЦ «Галерэя»
Ролік сабраў больш за мільён праглядаў. Каментатары ў асноўным не вераць у праўдзівасць відэа.
02.09.2024 / 18:11
Ролік пра тое, як беларускія блогеры гуляюць у прыстаўку на вялікім экране ГЦ «Галерэя» ў Мінску, завірусіўся ў тыктоку.
На відэа, якое выйшла на канале bulbanews, хлопцы быццам бы падключаюць да вялізнага рэкламнага экрана гульню PlayStation 5, уладкоўваюцца на мяккіх крэслах на тратуары і гуляюць у футбольны сімулятар. Прыстаўка нібыта працуе ад генератара.
Ролік сабраў ужо больш за 1,2 млн праглядаў. Адныя каментатары пішуць пра мантаж, іншыя звяртаюць увагу на некаторыя нестыкоўкі. Напрыклад, у пачатку відэа блогер устаўляе ў прыстаўку дыск гульні, якая выйшла на PS 5. Аднак на экране дэманструецца вельмі старая версія сімулятара — FIFA 13, якая не выходзіла на прыстаўцы апошняга пакалення. Да таго ж, на гульню паставілі мод, які дадае зборную Беларусі — у арыгінальнай гульні каманды не было.
Таксама гледачоў насцярожвае, што на відэа мінакі не звяртаюць увагі на не зусім звычайнае відэа на рэкламным экране.
Ёсць версія, што блогеры купілі эфірны час — 30 секунд каштуюць каля 90 даляраў — і загрузілі папярэдне запісанае відэа гульні. Пры гэтым ролік неабходна ўзгадняць у адміністрацыі ГЦ і Мінгарвыканкаме.
Хлопца з Мінска абакралі, пакуль ён здымаў на вуліцы ролік для тыктока