Колькі беларусаў былі ў Еўропе за апошнія пяць гадоў? Нават не траціна

А шэнгенскую візу маюць і таго меней.

04.09.2024 / 10:23

Як паказала новае апытанне Chatham House, толькі кожны пяты беларус (22%) за апошнія пяць гадоў быў у ЕС. Пры гэтым 37% тых, хто ездзіў у Еўропу, рабілі гэта, каб наведаць сваякоў ці сяброў.

Адметна, што за апошнія пяць гадоў амаль палова беларусаў (45%) не пакідалі межаў краіны. Калі гаварыць пра астатніх, то найбольш часта яны наведвалі Расію (39%). Пасля ідуць краіны Усходняй Еўропы (Польшча, Чэхія і іншыя) — 14%. Амаль аднолькавая колькасць наведала Украіну і краіны Балтыі (Літву, Латвію, Эстонію) — 11 і 10% адпаведна. У Заходняй Еўропе было толькі 7% (у апытанні можна было абраць некалькі адказаў).

На момант апытання 7% рэспандэнтаў мелі візу і столькі ж выказалі жаданне зрабіць яе ў бліжэйшыя паўгода. Кожны другі (48%) заявіў, што візы не мае і яна яму не патрэбная.

Як паказала апытанне, беларусы лічаць Расію значна больш адкрытай для іх, чым Еўропу. З выказваннем «беларусаў у краінах Еўропы ніхто не чакае» пагадзілася 45% апытаных (з іх 14% цалкам згодныя). А вось адносна Расіі так лічаць толькі 16 %. З якіх 2% цалкам згодныя.

Таксама беларусы часцей лічаць, што ў Расіі, а не ў Еўропе, ёсць даступныя адукацыйныя і культурныя праграмы (38% супраць 26%).

Аўтары дапускаюць, што дыстанцыянаванне беларусаў ад заходняй культуры можа быць часткова звязана з нізкім валоданнем замежнымі мовамі. Так, толькі 4% апытаных сказалі, што могуць свабодна камунікаваць на англійскай мове, і 12% — што могуць падтрымаць гутарку на базавым, бытавым узроўні.

Цікава, што для беларусаў складана зразумець і палякаў. Так, 35% апытаных сказалі, што наўрад ці змаглі б зразумець хоць нешта на польскай. Гэта больш, чым у выпадку англійскай (31%). А вось па-ўкраінску змог бы пагаварыць кожны трэці беларус (30%), а нічога не зразумеў бы толькі кожны восьмы (13%).

***

Апытанне Chatham House праходзіла з 28 чэрвеня па 3 ліпеня 2024 года. Удзел у ім прынялі 827 рэспандэнтаў. Аўтары адзначаюць, што вынікі абмежаваныя гарадскім насельніцтвам і карыстальнікамі інтэрнэту. Гэта — а таксама фактар страху — магло крыху сказіць карціну.

Nashaniva.com