Украіна не фіксуе істотнага нарошчвання беларускай арміі на мяжы
Прэс-сакратар памежнай службы Украіны заявіў, што сітуацыя застаецца пад кантролем.
03.09.2024 / 14:36
Украінскія памежнікі не фіксуюць перамяшчэнняў тэхнікі або асабістага саставу беларускага войска побач з украінскай мяжой.
Прадстаўнік дзяржаўнай памежнай службы Украіны палкоўнік Андрэй Дземчанка падкрэсліў, што ўсе складнікі Сіл абароны Украіны цалкам кантралююць дзяржаўную мяжу, піша «Інтэрфакс-Украіна».
«Мы не фіксуем якіх-небудзь нестандартных сітуацый непасрэдна на мяжы, або якіх-небудзь правакацыйных дзеянняў. Акрамя таго, мы не фіксуем, каб у непасрэднай блізкасці да нашай мяжы ажыццяўляліся перамяшчэнні тэхнікі або асабістага складу падраздзяленняў арміі Беларусі», — сказаў Дземчанка.
Гэты кірунак, аднак, па-ранейшаму застаецца пагрозлівым для Украіны, лічыць спікер. Ён нагадаў заявы беларускага боку аб тым, што нібыта Украіна назапашвае свае сілы на мяжы, адзначыўшы, што «гэта перакладанне адказнасці». У ведамстве падкрэслілі, што Беларусь «застаецца ў арбіце ўплыву Расіі».
«За тым, што адбываецца ў глыбіні тэрыторыі Беларусі сочаць падраздзяленні выведкі, Мінабароны, Дзяржпамежслужбы, каб разумець, наколькі моцна сітуацыя пагрозлівая і як яна можа мяняцца, каб мы своечасова маглі на гэта рэагаваць. Перамяшчэнне ўглыб тэрыторыі Беларусі пэўным чынам магу адзначыць, гэта і тэхніка, і асабісты склад. Але істотнага нарошчвання мы не фіксуем», — растлумачыў Дземчанка.
Ён таксама адзначыў, што і раней Беларусь трымала падраздзяленні ў кірунку мяжы з Украінай, але блізка да мяжы яны не перамяшчаліся.