Перавозчыкі прапануюць увесці ў Беларусі «чорныя спісы» пасажыраў

Міжрэгіянальная асацыяцыя перавозчыкаў прапануе стварыць у Беларусі «чорныя спісы» пасажыраў. У іх могуць трапіць дэбашыры і тыя, хто браніруе квіток, але рэгулярна не прыходзіць на пасадку, паведамляецца на сайце асацыяцыі.

03.09.2024 / 20:09

Сёння стварэнне «чорнага спісу» перавозчыкам або сістэмай па продажы квіткоў незаконнае. Калі квіток ёсць у продажы, то адмовіць каму-небудзь у ягонай куплі нельга.

Пры гэтым пасажыр абавязаны не ствараць нязручнасцяў іншым пасажырам і кіроўцу, адцягваць увагу апошняга ад кіравання транспартам.

Аднак, па словах перавозчыкаў, некаторыя пасажыры сваімі паводзінамі ледзь не зрываюць рэйсы, паколькі падчас іх паводзяць сябе неадэкватна. 

Праблему ствараюць і такія пасажыры, якія праз дыстанцыйныя сэрвісы браніруюць квіткі, але пасля на замоўленыя рэйсы не з'яўляюцца.

«І адзін раз можна было б заплюшчыць на гэта вочы. Але з некаторымі пасажырамі такая сітуацыя адбываецца рэгулярна. Да мяне на рэйс аднойчы мужчына не з'явіўся разы са тры за некалькі тыдняў. Сталі разбірацца.

Высветлілася, што ў гэтага пасажыра было 130 браняванняў на розныя рэйсы. Паездак жа набралася ад сілы 20. Што гэта? Непавага да чужой працы ці нешта большае? Напрыклад, інтрыгі канкурэнтаў, каб прымусіць ездзіць мяне і іншых «пустымі», і такім чынам паступова выцесніць з маршруту», — абураецца адзін з кіроўцаў.

Ён упэўнены, што такіх серыйных «прагульшчыкаў» рэйсаў варта было б пазбаўляць магчымасці браніраваць квіткі або прымусіць аплачваць няяўкі рублём.

Перавозчыкі звяртаюць увагу, што ў абноўленым Паветраным кодэксе Беларусі замацавана палажэнне, згодна з якім авіяперавозчыкам дадзена права на фарміраванне рэестра асоб, паветраная перавозка якіх абмежаваная. Калі пасажыр дэбашырыў на борце, напрыклад, піў, распускаў рукі, не прыслухоўваўся да заўваг экіпажа і быў за гэта прыцягнуты да адказнасці, то авіякампанія мае права адмовіць яму ў набыцці квітка ў будучыні. І ў «чорным спісе» ён будзе знаходзіцца датуль, пакуль звесткі пра яго не выключаць з Адзінага дзяржаўнага банка звестак аб правапарушэннях.

Міжрэгіянальная асацыяцыя перавозчыкаў лічыць, што варта разгледзець ўкараненне падобных падыходаў і ў наземных перавозках пасажыраў. Гэта дазволіць павысіць узровень камфорту і палепшыць бяспеку.

Квіткі з Мінска ў Вільню адчувальна падаражэлі. З чым гэта звязана і чаму цэны могуць узляцець яшчэ больш?

Грузаперавозчыкі і камерсанты б'юць трывогу — даводзіцца перасаджвацца з «Мерседэсаў» на ГАЗэлі

Перасаджвацца ў іншы аўтобус у чарзе на мяжы больш нельга? Здаецца, так

Адныя ідуць у адпачынак, іншыя едуць у Балгарыю. Што робяць перавозчыкі з-за ўзмацнення праверак на мяжы з Польшчай

Nashaniva.com