Ціханоўская: Максім Знак заўсёды здзіўляў здольнасцю аб’ядноўваць у сабе мяккасць з нязломнасцю характару

Нацыянальная лідарка Беларусі напісала зварот да дня народзінаў Максіма Знака, які ўжо амаль чатыры гады знаходзіцца за кратамі.

04.09.2024 / 09:10

«4 верасня — Дзень народзінаў Максіма Знака. І ён зноў адзначае яго не разам з сям’ёй і роднымі, і не за святочным сталом з сябрамі і гітарай, а ў бесчалавечных умовах турмы. 

Максім заўсёды здзіўляў мяне здольнасцю аб’ядноўваць у сабе мяккасць і душэўнасць з нязломнасцю характару і ўнутранай сілай. Ён здольны слухаць і спачуваць, і пры гэтым заставацца цвёрдым і прынцыповым. Падчас сумеснай працы ў яго словах я чула непахіснасць і глыбокую ўпэўненасць у правільнасці абранага шляху», — кажа Святлана Ціханоўская.

Ведаеце, Максім — таленавіты музыка з адданым Беларусі сэрцам. І ў 2020 годзе ён напісаў песню, у якой гучаць словы:

Кожны дзень, нават за кратамі, ён прытрымліваецца гэтых правілаў жыцця. Я не ведаю, ці ўбачыць ён хоць адзін ліст, ці ўсе іх падзяруць у яго на вачах, як робяць з карэспандэнцыяй Машы Калеснікавай. Але нягледзячы на жорсткасць турэмных цэнзараў і імавернасць таго, што вашыя словы не прачытаюць — працягвайце пісаць нашым палітвязням. Гэта тая адчувальная падтрымка, якая не дае забыцца пра тое, што на волі іх вельмі чакаюць».

***

Максім Знак быў юрыстам штаба Віктара Бабарыкі ўлетку 2020 года. Яго затрымалі 8 верасня 2020 года ў штабе, а праз год асудзілі на 10 гадоў калоніі. Разам з ім судзілі і Марыю Калеснікаву.

Пакаранне Знак адбывае ў наваполацкай калоніі. Ужо больш за паўтара года пра яго таксама няма навін.

Nashaniva.com