Удар па Палтаве, у выніку якога загінула больш за 50 чалавек. Чаму адбылася трагедыя?

Расійская балістычныя атака па Інстытуце сувязі ў Палтаве — адна з самых страшных ад пачатку вайны. Загінулі мінімум 53 чалавекі. Як гэта адбылося і чаму трагедыя стала магчымай?

04.09.2024 / 10:53

Наступствы ўдару балістычнымі ракетамі па будынку Інстытута сувязі ў Палтаве. 3 верасня 2024 года

Ранкам 3 верасня расійскі бок нанёс удар па Інстытуце сувязі ў Палтаве.

Міністэства абароны Украіны паведаміла, што ўдар быў нанесены балістычнымі ракетамі тыпу Іскандэр-М.

Такая ракета нясе касетную ці фугасную баявую частку вагой да 700 кг, мае дакладнасць паражэння ад 10 да 30 метраў і здольная нанесці значныя разбурэнні. У выніку першага ўдару былі абрушаны перакрыцці паверхаў будынка, другая ўдарыла ў дах будынка зверху.

Прэзідэнт Украіны ў сваім тэлеграм-канале напісаў: «Пападанне па тэрыторыі навучальнай установы і суседняй бальніцы. Быў часткова разбураны адзін з будынкаў Інстытута сувязі. Людзі апынуліся пад заваламі. Многіх удалося выратаваць. Больш за 180 чалавек параненыя. На жаль, шмат загінулых».

Міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка паведаміў, што ў жылых дамах, якія знаходзяцца побач з корпусам Інстытута сувязі, ударнай хваляй выбіла шкло, пашкоджаны фасады.

Прадстаўнік Мінабароны Дзмітрый Лазуткін паведаміў, што ніякіх пастраенняў ці іншых мерапрыемстваў у момант удару не адбывалася. У Інстытуце сувязі працягваўся навучальны працэс, пакуль у 09:08 не прагучаў сігнал паветранай трывогі — студэнты накіраваліся ў сховішча.

Яго словы пацвердзіў выданню «Суспільне» і адзін з ваенных, які на момант атакі быў у адным з карпусоў Інстытута.

Чаму адбылася трагедыя

У каментары «Украінскай праўдзе» прэс-служба Паветраных сіл Украіны адзначыла: «Трывога была абвешчана, але, на жаль, нават для Палтаўскай вобласці час рэагавання на пагрозу — вельмі кароткі, літаральна лічаныя хвіліны».

Па словах эксперта, дырэктара па развіцці інфармацыйна-кансалтынгавай кампаніі Defense Express Валерыя Рабых, Украіна не мае сістэм для маніторынгу запускаў балістычных ракет.

Ракеты тыпу «Іскандэр» могуць пралятаць адлегласць да 500 км, прычым на 50 км ім трэба ўсяго 23 секунды, а на максімальную адлегласць — 238 секунд.

Як тлумачыць Рабых, праз адсутнасць спецыяльных сістэм, здольных адсочваць запускі балістычных ракет з зямлі, украінскія сістэмы могуць выявіць гэтую ракету толькі тады, калі яна выйдзе на пэўную траекторыю.

Аднак на гэты момант можа ўжо прайсці да 40-50% часу, які ёсць на тое, каб адрэагаваць на сігнал паветранай трывогі. Гэта азначае, што на эвакуацыю людзей ёсць усяго некалькі хвілін, што ўскладняе арганізацыю маштабных эвакуацый.

Па стане на раніцу 4 верасня ў выніку ўдару па Палтаве загінулі 53 чалавекі, больш за 270 параненыя. Пад заваламі могуць знаходзіцца яшчэ да 5 чалавек.

Расійскі ўдар «Іскандэрам» па Палтаве: 51 забітых і 270 параненых

У выніку расійскага ўдару па Палтаве загінуў ужо 51 чалавек

Ракетны ўдар па Львове: гараць дамы, пашкоджаныя дзве школы, выбітыя вокны

Nashaniva.com