Не менш за чатыры шахеды ноччу заляцелі ў Беларусь, адзін знік на поўначы

Першы з іх перасек мяжу з Беларуссю каля 01:50 у раёне вёскі Верхнія Жары і ўжо праз некалькі хвілін паляцеў ва Украіну ў напрамку Чарнобыльскай зоны, паведамляе Беларускі Гаюн.

04.09.2024 / 11:56

Далейшыя заходы шахедаў у Беларусь былі ў 04:48, 05:49 і 08:04. Большасць з іх лёталі ў раёне беларуска-ўкраінскай мяжы, пастаянна перасякаючы яе ў абодва бакі, але адзін з іх палятаў над мяжой і скіраваўся на поўнач краіны.

Шахед № 2 (упершыню зайшоў у 04:48) далей сышоў у раён аэрадрома «Зябраўка», праляцеў Гомель і ўзяў курс на Магілёў. Апошні раз ён быў заўважаны ў 05:49 у раёне Жлобіна, пасля чаго згубіўся, куды ён дзеўся — невядома.

УСУ таксама паведамляюць, што адзін з шахедаў ноччу паляцеў у Беларусь. Верагодна, гаворка ідзе менавіта пра гэты БПЛА. 

Па інфармацыі «Беларускага Гаюна», знішчальнік ВПС РБ падняўся з аэрадрома «Баранавічы» прыкладна а 06:20 і, палятаўшы паўтары гадзіны, вярнуўся ў Баранавічы а 8 раніцы.

Nashaniva.com