Паліну Шарэнду-Панасюк павезлі на суд у Рэчыцу. Яе стан пагоршаў
«Паліна памірае ў турме. Стан яе здароўя рэзка пагоршыўся. Сёння прыйшлі дзве цяжкія навіны», — напісаў у фэйсбуку яе муж Андрэй Шарэнда.
04.09.2024 / 13:08
Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота з фэйсбука яе мужа
«Па-першае — стала вядома аб рэзкім пагаршэнні стану здароўя Паліны. Яна пакутуе ад рэзкіх боляў з боку жывата, якія аддаюць у спіне. Патрэбную медыцынскую дапамогу Паліне не аказваюць, даюць толькі абязбольваючыя. Мы дагэтуль не ведаем нічога аб стане здароўя Паліны. Нам вядомы толькі яе дыягназ — хранічны панкрэатыт. Гэта вельмі цяжкая хвароба, якая патрабуе строгай дыеты і сталага кантролю лекараў. Ва ўмовах, якіх утрымліваюць Паліну, гэта проста адтэрмінаваны смяротны прысуд.
Таксама сёння стала вядома, што Паліну этапавалі з гомельскага СІЗА-3 у ІЧУ горада Рэчыцы для правядзення «следчых дзеянняў». Значыцца, што ў найбліжэйшыя некалькі тыдняў, альбо нават месяцаў да суда, Паліна будзе ўтрымлівацца там. Умовы ў рэчыцкім ІЧУ нават горшыя за камеры ШІЗА ў калоніі.
Там не выдаюць матрацаў, у камерах адсутнічаюць прыбіральня, і вельмі шмат клапоў. Спаць даводзіцца на падлозе. У мінулым годзе Паліну таксама трымалі там некалькі тыдняў. Пратэстуючы супраць жудасных умоў утрымання, Паліна тады аб'яўляла галадоўку. Лукашысты былі вымушаныя пайсці на саступкі і вярнулі тады Паліну ў гомельскае СІЗА-3 да суду. Этап у рэчыцкае ІЧУ не мае ніякага сэнсу, акрамя таго каб зняважыць і знясіліць Паліну, падарваць і да таго слабое здароўе.
Паліна павінна была выйсці на волю ўжо два з паловай гады таму. За час зняволення яна правяла ў жахлівых умовах штрафнога ізалятара і карцара больш 350 дзён. Яе перакідвалі шматдзённымі этапамі больш дваццаці разоў. Менавіта за кратамі ў Паліны з'явілася невылечнае цяжкое захворванне — панкрэатыт сярэдняй цяжкасці. І зараз чакае чацвёрты суд і чацвёртае кола пекла, якіх Паліна проста не вытрымае», — напісаў Андрэй.
Ён кажа, што Паліну трэба ратаваць.
«Яе жыццё сапраўды ў небяспецы. Таму прашу сродкі масавай інфармацыі, праваабарончыя арганізацыі аб распаўсюджванні інфармацыі і патрабаванні вызвалення Паліны для аказання ёй патрэбнай медычнай дапамогі», — напісаў ён.
***
Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ў пачатку студзеня 2021 года ў Берасці, у ейным доме. У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна горада прыгаварыў жанчыну да 2 гадоў калоніі паводле арт. 364 («гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў»), 369 («абраза прадстаўніка ўлады») і 368 («абраза Лукашэнкі») КК.
У красавіку 2022 года палітзняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго года зняволення паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго года паводле таго ж артыкула.
Паліна Шарэнда-Панасюк мусіла выйсці на волю ў канцы мая 2024 года, але супраць яе была заведзеная новая крымінальная справа. У пачатку ліпеня яе адпраўлялі на экспертызу ў Цэнтр судовых экспертыз у Навінках, але «экспертыза скончылася, так і не пачаўшыся».