У беларускіх школах з'явіўся факультатыў для юных карэспандэнтаў

Міністэрства адукацыі разглядае таксама магчымасць стварэння профільнага медыйнага класа.

04.09.2024 / 15:23

Ілюстрацыйнае фота

Факультатыў для юных карэспандэнтаў з'явіўся ў школах Беларусі. Пра гэта заявіў дэкан факультэта журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў, піша БелТА.

— Пад кантролем Міністэрства адукацыі распрацавана праграма факультатыўнага курса юных карэспандэнтаў, які будзе прапанаваны навучэнцам па ўсёй краіне. Рух юнкараў наш факультэт падтрымлівае. Мы з імі ў кантакце, на працягу года запрашаем іх да сябе, праводзім для іх конкурсы на базе факультэта, — распавёў А. Бяляеў.

Міністэрства адукацыі разглядае магчымасць стварэння профільнага медыйнага класа. Па словах А.Бяляева, такі клас дазволіць дзецям атрымаць пачатковыя веды ў галіне журналістыкі і ідэалогіі, а таксама развіць навыкі стварэння тэкставага і аўдыёвізуальнага кантэнту. Таксама ён адзначыў, што ў навучэнцаў, якія прайшлі падрыхтоўку ў профільным класе, да моманту паступлення ў ВНУ будзе фарміравацца больш аб'ёмнае і якаснае партфоліа.

— Перамовы аб яго стварэнні мы вядзем са сталічнай сярэдняй школай № 20, з Міністэрствам адукацыі прапрацоўваем пытанне далейшай адукацыйнай траекторыі выпускнікоў профільнага класа, — дадаў дэкан.

Nashaniva.com