«Умка» стаў шчыраваць на «Беларуськаліі»

Цёзка любімага шпіца Лукашэнкі выдаў першыя тоны калійнай руды.

05.09.2024 / 13:45

Фото: t.me/belaruskali

Беларускі вымаечны камбайн «Умка-550» выдаў першыя тоны калійнай руды ў шахтах «Беларуськалія».

Камбайн, які назвалі гэтак жа, як і шпіца Лукашэнкі, заменіць нямецка-беларускі SL 300/400. Яго выраблялі нямецкая кампанія Eickhoff, з якой «Беларуськалій» супрацоўнічаў дзесяцігоддзі, і салігорская фірма «Холдынг-Іпр». Гэты камбайн працаваў на рудніках «Беларуськалія» з 2013 года, піша выданне «Беларусы і рынак».

Цяпер кампанія ўзяла курс на імпартазамяшчэнне. Паведамляецца, што лакалізацыя камбайна «Умка-550» вытворчасці салігорскага «Машхімпрама» вырасла з 20% да 80%. Распрацоўвалі аналаг нямецкага камбайна паўтара года.

Кіраўнік «Беларуськалія» Іван Галаваты лічыць, што «Умка» ні ў чым не саступае свайму папярэдніку.

«Выраб камбайна практычна завяршыў праграму імпартазамяшчэння для рудніка і цяпер беларускія вытворцы асвоілі ўсю лінейку абсталявання, якое дазваляе забяспечыць здабычу руды і выдачу яе на паверхню для наступнай перапрацоўкі, прычым з якасцю, якая часцяком перавышае імпартныя аналагі», — сцвярджаў Галаваты.

«Машхімпрам» паведамляў, што на выраб аднаго «Умкі» патрабуецца 6-7 месяцаў. Зараз камбайн знаходзіцца на этапе прамысловых выпрабаванняў з мэтай пацвярджэння заяўленых вытворцам тэхнічных характарыстык.

Nashaniva.com