Беларускія консульствы ў Польшчы больш не выдаюць даведкі, патрэбныя для замены пасведчання кіроўцы. Што рабіць?
Даведка аб тым, што чалавек не пазбаўлены правоў, патрабуецца для таго, каб можна было замяніць беларускае пасведчанне кіроўцы на польскае.
05.09.2024 / 15:39
На плоце беларускага пасольства ў Варшаве з'явілася інфармацыя аб тым, што па тэхнічных прычынах часова прыпынены асабісты прыём заяваў на даведкі, якія пацвярджаюць факт выдачы пасведчання кіроўцы.
Запісацца на падачу заявы анлайн можна, але бліжэйшыя даты ў Варшаве толькі на люты 2025 года.
Ці ёсць альтэрнатыва доўгаму чаканню?
Даведку аб непазбаўленні правоў можна атрымаць у беларускай ДАІ па месцы рэгістрацыі. Каштуе яна 25 рублёў, выдаюць яе на наступны дзень пасля падачы заяўкі. Атрымаць яе можна як самастойна, так і па даверанасці. Калі даверанасці няма, то прынамсі фармальна можа спрацаваць і даверанасць, зробленая за мяжой, якая будзе мець натарыяльны пераклад на беларускую або рускую мову.
Даведку, атрыманую ў беларускай ДАІ, трэба будзе перакласці на польскую мову. Даведка ж, якую выдаюць у консульстве — адразу выдаецца на польскай мове. Але і каштуе яна значна даражэй — 50 еўра (каля 180 рублёў).
Што рабіць палітычным уцекачам?
Ад беларусаў, якія маюць статус уцекача або знаходзяцца пад дадатковай абаронай, такую даведку не патрабуюць, таму прыпыненне прыёму заяваў ніяк не паўплываюць на гэтую катэгорыю беларусаў.