Сейм Латвіі падтрымаў прапанову аб забароне машын з Беларусі

Сейм Латвіі падтрымаў у першым чытанні папраўкі да Закона «Аб дарожным руху», якія з 1 лістапада ўводзяць забарону на знаходжанне ў Латвіі транспартных сродкаў, зарэгістраваных у Беларусі.

05.09.2024 / 14:08

Ілюстрацыйнае фота

Законапраекту прысвоена тэрміновасць, так што яго будуць прымаць у двух чытаннях, а не трох, паведамляе Delfi.lv

Папраўкі прадугледжваюць, што транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў Беларусі, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Латвіі, павінны быць вывезеныя або зарэгістраваныя для ўдзелу ў дарожным руху ў Латвіі да 31 кастрычніка.

Пасля ўстаноўленага тэрміну беларускія аўтамабілі змогуць уехаць у Латвію толькі адзін раз для транзітнага перасячэння тэрыторыі краіны, загадзя падаўшы заяўку праз сістэму электронных паслуг дырэкцыі бяспекі дарожнага руху.

Мінюстыцыі прапануе ўключыць у рэгуляванне два выключэнні.

Законапраект не будзе тычыцца асоб з абмежаванай рухомасцю, якія кіруюць прыналежнымі ім аўтамабілямі, зарэгістраванымі ў Беларусі, і ўязджаюць у Латвію з мэтай наведаць сваякоў. Акрамя таго, па рэкамендацыі Міністэрства замежных спраў, аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі, змогуць уехаць у Латвію ў асаблівых выпадках, звязаных з бяспекай. У такіх выпадках асобам неабходна будзе атрымаць дазвол ад Службы фінансавай разведкі для ўезду на тэрыторыю Латвіі.

Nashaniva.com