Васкрасенскі хоча, каб Пачобута прыехаў забіраць асабіста Сікорскі

«Я напісаў Сікорскаму публічна ў сацыяльнай сетцы: «Забірай, падымай зад і забірай», — сказаў Васкрасенскі.

05.09.2024 / 14:35

Анджэй Пачобут. Фота: sb.by

Лукашэнкаўскі прапагандыст Юрый Васкрасенскі сцвярджае, што беларускі рэжым прапаноўваў выслаць з Беларусі Анджэя Пачобута ў рамках расійска-амерыканскага абмену зняволенымі. У Мінску хацелі, каб беларуска-польскага журналіста з Беларусі вывез асабіста кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі. Пра гэта Васкрасенскі заявіў у эфіры ютуб-стрыму 4 верасня, адказваючы на пытанні Рыгора Азаронка, заўважыў Reform.news.

Прапагандысты абмяркоўвалі памілаванне 30 палітвязняў. Васкрасенскі некалькі разоў прагаварыў тэзіс аб жаданні атрымаць у абмен на вызваленне часткі палітвязняў нейкія саступкі з боку Захаду.

«Нам вельмі хочацца пачуць, што ў адказ на карысць і дабрыню з боку кіраўніка дзяржавы яны прапануюць наўзамен», — сказаў Васкрасенскі.

Затым усплыла тэма беларуска-польскага палітвязня Анджэя Пачобута. Васкрасенскі заявіў, што Пачобута прапаноўвалі адпусціць у рамках расійскага-амерыканскага абмену, але забраць яго павінен быў асабіста міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

«Слухайце, з Пачобутам — гэта… я дагэтуль знаходжуся ў шоку. Яны мяне 4 гады абходжвалі: «выцягні Борыс (Анжаліка Борыс — актывістка польскай меншасці ў Беларусі), Пачобута, выцягні Борыс, Пачобута». Калі ласка, па Борыс — мы сустрэліся з яе мамай, склалі ліст, мы перадалі ліст — Борыс выйшла.

Па Пачобуту — 18 сустрэч у мяне было з часовым павераным у справах Польшчы. Вось цяпер з'явілася ўнікальная магчымасць.

Забярыце гэты баласт. Падчас здзелкі па абмене прапанавалі-адмовіліся, адмовіліся, потым пачалі хлусіць. Добра. Я дапускаю, як мы ў адным з эфіраў абмяркоўвалі, што амерыканцы, яны не лічаць палякаў роўнымі сабе, гэта іх абслуга ўсходнееўрапейская…

Магчыма, яны ім нават не паведамілі. Добра. Але мы то вам паведамілі, мы гэта сказалі і Сікорскаму. Я тэлефаную бясконца былому часоваму паверанаму Вайцяхоўскаму. Ён не падымае слухаўку. Я напісаў Сікорскаму публічна ў сацыяльнай сетцы: «Забірай, забірай, падымай зад і забірай».

Калі ты думаеш, мы за кімсьці будзем бегаць з гэтым Пачобутам? Не. Значыць, ён адседзіць увесь тэрмін. А можа атрымае яшчэ і другі, калі будзе дрэнна сябе паводзіць у калоніі. Ну што вы на самай справе як дзіцячы сад. Падымі ты зад, прыедзь у Мінск і забяры ты гэтага Пачобута. Мы што, павінны бегаць за табой? Таму з Пачобутам, я, шчыра кажучы, у лютасці, наколькі яны яго не паважаюць і не паважаюць увесь польскі народ», — заявіў прапагандыст.

Васкрасенскі вядомы тым, што выкарыстоўваецца для маніпуляцыі грамадскай думкай і імітацыі палітычнага дыялогу рэжыму Лукашэнкі з грамадзянамі Беларусі. Ён уваходзіць у склад так званай камісіі па памілаванні. Васкрасенскі неаднаразова публічна хлусіў.

Варта нагадаць, у канцы жніўня польскі прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што польскі бок сапраўды абмяркоўваў магчымасць вызвалення палітвязня журналіста Анджэя Пачобута ў рамках расейска-амерыканскага абмену.

«Часу на перамовы не было. Калі б абмен заблакавалі і высветлілася, што гэта было супраць волі Анджэя Пачобута, у нас узнікла б вельмі сур'ёзная праблема», — прызнаўся Дуда.

Васкрасенскі прапануе адпусціць партыю палітвязняў у абмен на адмену санкцый. Бо няма з чаго плаціць пенсіі

Для каго былі апошнія заявы Юрыя Васкрасенскага?

Nashaniva.com