Японія выказала Беларусі пратэст у сувязі з выхадам у эфір праграмы пра затрыманага японца

МЗС Японіі прасіў беларускія ўлады не выпускаць гэтую перадачу, піша mainichi.jp.

06.09.2024 / 11:02

Масатосі Ніканісі. Скрін відэа БТ

Японія выказала пратэст у адрас МЗС Беларусі ў сувязі з выхадам у эфіры дзяржТБ праграмы пра затрыманага за агентурную дзейнасць японца Масатосі Ніканісі.

Галоўны сакратар японскага ўрада Ёсімаса Хаясі заявіў, што праграма можа парушаць правы чалавека.

«Пасольства Японіі настойліва прасіла Мінск не выпускаць гэтую праграму ў эфір. Вельмі сумна, што яна ў выніку выйшла. Мы адразу ж накіравалі пратэст у адрас МЗС Беларусі. Мы акажам усю неабходную падтрымку грамадзяніну Японіі», — заявіў Хаясі.

У праграме на «Беларусь 1», якая выйшла ў эфір напярэдадні, сцвярджаецца, што Ніканісі затрымалі ў ліпені 2024 года. Па версіі следства, ён збіраў у Беларусі інфармацыю па заданні японскай спецслужбы. 

Ніканісі жыў у Беларусі з 2018 года, працаваў у Гомельскім дзяржуніверсітэце і сваёй прыватнай фірме, якую сілавікі лічаць фіктыўнай.

На дзяржТБ расказалі, у чым вінавацяць затрыманага японца, які выкладаў ва ўніверсітэце ў Гомелі

У Беларусі паведамілі пра затрыманне агента японскіх спецслужбаў

Nashaniva.com