Расіяне раскупілі ўсе месцы ў беларускіх санаторыях на Новы год
«Беларусь — рускамоўная, прыязная, саюзная і фактычна родная краіна для расіянаў», — кажа прадстаўнік турыстычнай індустрыі.
06.09.2024 / 11:35
Ілюстрацыйнае фота
На Новы год у аб'ектах санаторна-курортнага сегмента не засталося месцаў, расіяне забраніравалі ўсе нумары па стане на верасень, расказаў старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі (РСТІ) Філіп Гулы, піша «Спутнік».
Ён адзначыў, што Беларусь вельмі запатрабаваная ў расійскага турыста за транспартную даступнасць. Да таго ж паміж дзяржавамі дзейнічаюць амаль паўтара дзясятка прамых рэгіянальных пералётаў. У іх ліку — Уфа, Перм, Екацярынбург, Казань, Ніжні Ноўгарад, Сочы, Махачкала.
«Беларусь — рускамоўная, прыязная, саюзная і фактычна родная краіна для расіянаў, але яна іншая. Расійскі турыст адчувае сябе ў нашай краіне камфортна, пры гэтым ён знаходзіцца за мяжой», — падкрэсліў Гулы.
На яго думку, камфорт турысты адчуваюць і ў беларускай кухні, і ў культуры, і ў традыцыях. Да таго ж для візіту ў Беларусь расіяніну не патрэбна віза або замежны пашпарт, працуюць многія сэрвісы, што стала асноўнай прычынай росту і запатрабаванасці беларускага турпрадукту і ў 2022-м, і ў 2023 годзе.
Па словах Гулага, каля 25-30% браніраванняў на Новы год аформленыя прамымі кліентамі, арганізацыямі і кампаніямі, якія адпраўляюць на адпачынак сваіх супрацоўнікаў, а таксама звычайнымі турыстамі. Астатні адсотак — броні турыстычных аператараў, агенцтваў і кампаній, якія, як заўважыў Гулы, прадугледжваюць попыт сваіх кліентаў і турыстаў, альбо проста разумеюць ажыятаж і імкнуцца прадаць даражэй, альбо з пазіцыі гарантавана аказаць паслугі кліентам, разумеючы, што да іх па паслугу прыходзяць кожны год.
Навошта расіяне едуць у Беларусь
Старшыня РСТІ адзначыў, што ў Беларусь наведваюцца розныя катэгорыі турыстаў з рознымі патрэбамі. У першую чаргу турыстычная пляцоўка Беларусі прывабная санаторыямі і аздараўленчымі СПА-комплексамі з досыць багатай інфраструктурай. Таксама турыстам цікавы сам Мінск.
Госці ўсё часцей выбіраюць тур выхаднога дня працягласцю ад трох дзён да тыдня.
І гэта апраўдана: вакол сталіцы дастаткова класічных забаў, гаворка ідзе пра паездкі ў запаведнік, наведванне замкаў і этнаграфічных музеяў. З некласічнага — тэатры, цырк, аквапарк, шопінг, казіно, начное жыццё. Турыстаў таксама цікавяць экскурсіі: выгадныя групавыя туры або самастойныя падарожжы на арандаванай машыне.
«Экскурсійная праграма ў Беларусі досыць цікавая за кошт багатай гісторыі. Беларускім гарадам тысяча і больш гадоў, гэта ўсходне-еўрапейскія землі, старажытнаславянскае каралеўства Полацкая Русь», — кажа Гулы.
Ён адзначыў, што ў адрозненне ад еўрапейскіх дзяржаў, у Беларусі ў расіян узнікае пачуццё датычнасці, калі госці апускаюцца ў тутэйшы гісторыка-культурны працэс.
«Расіянам блізкая гісторыя тых жа полацкіх і тураўскіх князёў. Да таго ж радняць з Беларуссю асабістыя абставіны: хтосьці служыў або працаваў на тэрыторыі нашай краіны, у кагосьці тут жывуць сваякі», — дадаў Гулы.
Спецыяліст падкрэсліў пры гэтым, што Беларусь усё яшчэ адстае ад Расіі ў падыходах развіцця інфраструктуры, сэрвісу і кадравай палітыкі ў сферы турызму.