Расійскія вайскоўцы абрабавалі яшчэ адзін магазін. Пост аб гэтым выклікаў бурную дыскусію
«Проста ўзяць мала. Дык яшчэ і ўсё пабіць».
06.09.2024 / 12:25
Крама «Светофор» у пасёлку Глушкова Курскай вобласці Расіі. Фота: BomondGlushkovsk / Telegram
У сацыяльных сетках рэгулярна з'яўляюцца сведчанні марадзёрства расійскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці. У сярэдзіне жніўня было распаўсюджана відэа аб рабаванні салону сотавай сувязі ў пасёлку Глушкова Курскай вобласці. А цяпер у адным з паблікаў у тэлеграме з'явіліся здымкі разрабаванага магазіна «Светофор» у тым жа пасёлку.
«Я разумею, есці хацелі, я разумею, узяць што трэба, але проста ўзяць. Мала таго, што вынесці палетамі, дык яшчэ і ўсё пабіць», — абураецца аўтар.
У каментарах паспрабавалі ўсю віну перакласці на ўкраінскіх байцоў — аднак жа райцэнтр Глушкова застаецца пад кантролем расійскіх войск, ад яго да лініі фронту каля 15 км.
«Гэта нашы салдацікі марадзёрствуюць па-ціхаму, у пасёлку ўсе магазіны так выглядаюць», — сцвярджае іншы каментатар і дадае больш падрабязнасцей: «Салдаты ўскрываюць дамы, жывуць у іх, паводзяць сябе як жывёлы, а калі прыязджаюць гаспадары і пачынаюць нешта гаварыць, то хапаюцца за калашы і праганяюць са словамі «з'язджай, пакуль тут не застаўся».
Некаторыя з каментатараў паспрабавалі абараніць салдат і патлумачыць усё рэжымам контртэрарыстычнай аперацыі.
«У такі складаны час вы яшчэ прымудраецеся накаляць абстаноўку сярод насельніцтва і кідаць абурэнне ў бок нашых салдат», — чытаем у адным з запісаў.
Аўтару паспрабавалі патлумачыць, што жыхары памежжа салдатам «дапамагалі чым маглі. Гатавалі, бралі на пастой, мылі адзенне і гэтак далей, а цяпер людзі становяцца бамжамі. Ніхто не супраць, каб салдаты жылі ў іх дамах. Але выносіць і спусташаць навошта?»
Расійскія вайскоўцы трапілі на відэа падчас рабавання салона сувязі ў Курскай вобласці
Расійскія салдаты абрабавалі склад Wildberries у Курскай вобласці — відэа