Экс-капітана міліцыі з Кобрына судзяць па артыкуле аб здрадзе дзяржаве

Ягоны бацька ў свой час кіраваў абласным ГУБАЗам.

06.09.2024 / 13:13

17 верасня Брэсцкі абласны суд пачне разглядаць справу супраць 41-гадовага жыхара Кобрына Дзмітрыя Ператолчына. Яго абвінавачваюць па артыкуле аб здрадзе дзяржаве (частка 1 артыкула 356 КК) і аб неданясенні аб злачынстве (частка 2 артыкула 406).

Паводле інфармацыі «Белпол», прадстаўленай «Медыязоне», Ператолчын да 2011 года працаваў на пасадзе камандзіра ўзвода Кобрынскага аддзела Дэпартамента аховы і з'яўляўся капітанам міліцыі. Жанаты, ёсць дачка.

У лістападзе 2012 года Брэсцкі міжгарнізонны ваенны суд прысудзіў Ператолчына да 3,5 гадоў калоніі з адтэрміноўкай на тры гады па артыкуле аб махлярстве (частка 3 артыкула 209 КК). У жніўні 2010 года Ператолчын разам з іншымі беларусамі ўступіў у змову. Яна заключалася ў тым. каб выкрасці пад выглядам канфіскацыі маёмасць, вывезеную з Украіны.

Знаходзячыся ў форме, Ператолчын спыніў аўто, у якім перавозіліся рэчы з Украіны. Пад выглядам канфіскацыі ён разам са змоўшчыкамі скраў маёмасць, нанёсшы ўладальніцы рэчаў страты на 9 143 000 недамінаваных беларускіх рублёў. Ператолчына пазбавілі звання капітана міліцыі. Пасля гэтага ён працаваў ліцейшчыкам на «Палессі» і спецыялістам у «Дабраноме».

Бацька абвінавачанага — Генадзь Ператолчын — падпалкоўнік міліцыі ў запасе, які займаў пасаду начальніка ГУБАЗ па Брэсцкай вобласці. У 2008 годзе пайшоў на пенсію, а ў 2014 годзе быў кандыдатам у Кобрынскі раённы савет дэпутатаў.

Nashaniva.com