У Польшчы два тыдні шукалі расійскі дрон. А цяпер заявілі, што ён на тэрыторыю краіны не залятаў

26 жніўня польскія вайскоўцы паведамілі аб парушэнні паветранай прасторы краіны расійскім беспілотнікам. Аднак з пошукамі былі праблемы.

06.09.2024 / 14:12

Фота: Straz_Graniczna / Twitter

Польскія вайскоўцы два тыдні шукалі дрон, што, як паведамлялася, парушыў паветраную прастору краіны. Зараз прадстаўнікі камандавання заявілі, што ніякага парушэння не было.

26 жніўня раніцай вайскоўцы заявілі, што невядомы аб'ект — імаверна, расійскі дрон — парушыў паветраную прастору Польшчы падчас чарговага налёту ва Украіну. Мэта неўзабаве была страчана, і камандаванне распарадзілася пачаць пошукі дрона.

Паветранае назіранне ахапіла 3200 квадратных кіламетраў, наземныя пошукі праходзілі на плошчы ў 250 квадратаў. Аднак за два тыдні дрон так і не знайшлі.

Нядаўна аператыўны камандуючы Войска Польскага генерал Мацей Кліш заявіў, што дрона, хутчэй за ўсё, не было, піша wpolityce.pl.

«У выніку пошукаў праведзенай аналітычнай дзейнасці я ў цяперашні час раблю выснову, што з вельмі высокай верагоднасцю парушэння паветранай прасторы Польшчы 26 жніўня не было. Мая бягучая дзейнасць накіравана на аналіз алгарытмаў радыёлакацыйных сістэм з мэтай іх аптымізацыі і выключэння неадназначных абвестак у будучыні», — адзначыў Кліш.

Ён падзякаваў усім службам, калегам, камандзірам і жыхарам Люблінскага ваяводства за дапамогу.

Nashaniva.com