Telegram не так зразумелі — ён не збіраецца мадэраваць прыватныя чаты

Пункт пра бяспеку прыватных перапісак і чатаў проста перамясцілі ў іншы раздзел.

06.09.2024 / 14:25

Telegram не адмовіўся ад ранейшай палітыкі і па-ранейшаму не мадэруе прыватныя чаты і прыватныя перапіскі.

СМІ раней паведамілі пра змены на старонцы FAQ, дзе са звыклага раздзела знік пункт, што Telegram не апрацоўвае скаргі і запыты на кантэнт у прыватных чатах. Аказалася, што гэты пункт проста перанеслі ў іншы раздзел, звязаны з аўтарскім правам.

«Усе чаты і групавыя чаты Telegram з'яўляюцца прыватнымі для сваіх удзельнікаў. Мы не апрацоўваем запыты, звязаныя з імі. Але наборы стыкераў, каналы і боты Telegram агульнадаступныя», — гаворыцца ў FAQ.

Гэты пункт раней быў у раздзеле аб выдаленні незаконнага кантэнту, таму СМІ, не выявіўшы яго на сваім месцы, вырашылі, што Telegram змяніў палітыку мадэрацыі.

Афіцыйны акаўнт Telegram у X пацвердзіў, што прыватныя чаты застануцца прыватнымі. Скаргі на паведамленні ў групах, як і раней, працуюць па прынцыпе перасылкі.

У тым ліку з недастатковай мадэрацыяй кантэнту былі звязаныя прэтэнзіі да Telegram французскіх уладаў, а таксама паўднёвакарэйскіх, якія знайшлі дыпфейкі парнаграфічнага ўтрымання ў прыватных групах.

Nashaniva.com