«Японскіх шпіёнаў» у Беларусі затрымліваюць не першы раз. Праўда, першая аперацыя скончылася смерцю даносчыка
На дзяржаўным тэлебачанні хваляцца першым выпадкам раскрыцця японскага агента ў гісторыі Беларусі. Аднак 90 гадоў таму на беларускай станцыі «Негарэлае» з японскімі грамадзянамі ўжо адбылася гісторыя, быццам спісаная са шпіёнскіх раманаў.
07.09.2024 / 12:37
Калаж: Наша Ніва
У час сталінскіх рэпрэсій з канца 1920-х гадоў абвінавачванне ў шпіянажы на карысць буржуазных краін, якімі маладая савецкая краіна была акружана з усіх бакоў, было папулярнай практыкай для палітычнага пераследу шырокіх пластоў насельніцтва. У 1937 годзе НКВД распачаў серыю масавых рэпрэсіўных аперацый супраць нацыянальных меншасцяў, якіх вінавацілі ў шпіёнска-дыверсійнай дзейнасці. Было асуджана больш за 335 тысяч чалавек, з якіх пасля расстраляна больш за 247 тысяч.
Нагодай для падазрэнняў у шпіянажы магло паслужыць што заўгодна. Найперш, вядома, нацыянальная прыналежнасць, пражыванне ў прымежнай зоне, праца ў дыпламатычным прадстаўніцтве, наяўнасць сваякоў за мяжой ці вяртанне ў СССР з-за мяжы. Нават служба на чыгунцы, якая вяла ў варожую краіну, магла стаць падставай для неабгрунтаванага пераследу.
Абмен ваеннапалоннымі і палітычнымі вязнямі паміж Польшай і СССР на памежнай станцыі «Негарэлае» ў 1928 годзе. Фота: Нацыянальны лічбавы архіў
У Беларусі, якую мірны дагавор, падпісаны ў Рызе па выніку савецка-польскай вайны, у 1921 годзе падзяліў на дзве часткі, найчасцей выяўлялі «польскіх шпіёнаў». Радзей судзілі за шпіянаж на карысць Германіі, ва Украіне — на карысць суседняй Румыніі. Вядома, сярод соцень тысяч нявінна асуджаных за шпіянаж часам сапраўды трапляліся агенты замежных дзяржаў, але колькасць іх была мізэрная.
Падчас грамадзянскай вайны Японія ўдзельнічала ў інтэрвенцыі замежных краін у Расію, захапіўшы паўночную частку Сахаліна. У 1932 годзе Японія акупавала Маньчжурыю, што стала прычынай памежных канфліктаў з СССР. Натуральна, што на Далёкім Усходзе савецкія спецслужбы лавілі «японскіх шпіёнаў». Але часам такія трапляліся органам і на захадзе краіны.
Кофры-чамаданы, у якіх спрабаваў вывезці жанчын з СССР японскі аташэ. Музей пагранічных войскаў Расіі. Фота: ofclub.ru
У Музеі пагранічных войскаў Расіі экспануюцца кофры-чамаданы, у якіх, як сцвярджаюць музейшчыкі, спрабавалі нелегальна вывезці японскіх шпіёнак праз беларускую чыгуначную станцыю «Негарэлае». Надзвычайны выпадак адбыўся 90 гадоў таму і пакінуў пасля больш пытанняў, чым адказаў.
Пасля Рыжскага дагавора новая савецка-польская мяжа прайшла за некалькі кіламетраў на захад ад станцыі Негарэлае. З таго часу чыгуначная станцыя атрымала негалосны статус галоўных заходніх «варотаў» Савецкага Саюза ў капіталістычны свет.
Адразу пасля гэтага Польшча ў сціслыя тэрміны правяла на сваім баку перашыўку каляіны са старой шырыні 1520 міліметраў на еўрапейскі 1435-міліметровы стандарт. Змяненне каляіны прывяло да неабходнасці пасажыраў перасаджвацца на памежных станцыях у вагоны савецкага ці еўрапейскага ўзору.
Савецкі цягнік пасля пагранічнага і мытнага кантролю на станцыі «Негарэлае» даязджаў да чыгуначнай станцыі «Стоўбцы» на польскім баку, дзе пасажыры праходзілі кантроль паўторна. 1934.
Цягнікі паміж краінамі хадзілі рэдка. Самым папулярным быў транскантынентальны экспрэс «Маньчжурыя — Стоўбцы — Парыж». Пасажырам двойчы даводзіліся праходзіць пагранічны і мытны кантроль. З перасадкай у «Негарэлым» у свой час пабывалі найвядомейшыя людзі свайго часу.
У ліку пасажыраў цягнікоў, якія перасякалі граніцу ў «Негарэлым», былі, вядома, і дыпламаты, камандзіраваныя, бізнесмены, эмігранты. З абодвух бакоў савецка-польскую мяжу спрабавалі перасекчы як нелегальна, так і на цалкам законных падставах шпіёны, кантрабандысты і дыверсанты.
У канцы 1935 года на станцыі «Негарэлае» развярнулася сапраўды дэтэктыўная гісторыя з «японскімі шпіёнамі», якую раскапаў беларускі журналіст Сяргей Галоўка. Нягледзячы на блізкі Новы год, станцыя жыла сваім звычайным жыццём. Але дзень 26 снежня быў асаблівым для негарэльскіх пагранічнікаў і мытнікаў, увага якіх была прыкавана да транскантынентальнага экспрэса «Маньчжурыя — Стоўбцы — Парыж».
Маньчжурскі экспрэс на савецка-польскай мяжы. 1934
Раніцай у 16-ы Койданаўскі пагранатрад, у падпарадкаванні якога былі сярод іншых і кантрольна-прапускны пункт «Негарэлае», і аднайменная мытня, патэлефанаваў з Масквы адзін з намеснікаў старшыні ГУДБ (былое АДПУ, пасля структурнае падраздзяленне НКВД СССР). Ён перадаў камандзіру атрада інфармацыю аператыўнай распрацоўкі:
«Тыдзень таму ў будынак японскага пасольства ў Маскве ўвайшлі дзве жанчыны і адтуль не вярталіся. Учора цягніком з Масквы выехалі ваенны аташэ японскага пасольства і карэспандэнт японскай газеты, здаецца, «Ніці ніці», у іх два вялікія чамаданы, апрача іншых меншых валізак. Ёсць здагадка, што ўладальнікі гэтых чамаданаў якраз і спрабуюць вывезці ў іх за граніцу згаданых жанчын. Загадваю не дапусціць правозу гэтых жанчын у чамаданах. Але ўлічыце, што калі вы адчыніце чамаданы і жанчын там не будзе, то атрымаеце 5 гадоў, а калі іх правязуць за граніцу, то будзеце пакараны тым жа тэрмінам зняволення».
Савецка-польская мяжа ў раёне станцыі «Негарэлае». 1934
Праблемай для камандзіра пагранатрада было тое, што дыпламат меў права на бесперашкодны, без мытнага нагляду, правоз свайго багажу, а дакументы ў яго былі аформлены належным чынам — ні да чаго не падкапаешся!
Як прыгадваў пасля ў сваіх вельмі падрабязных успамінах Павел Босы, памочнік па сакрэтна-аператыўнай частцы начальніка атрада, які асабіста кіраваў усёй аперацыяй, да прыезду цягніка заставалася 1 гадзіна і 40 хвілін. Станцыя знаходзілася ад атрада за 10 кіламетраў. Час губляць было нельга, і яны тэрмінова выехалі на пагранічную станцыю.
Будынак вакзала на станцыі «Негарэлае» — адзін з нямногіх пунктаў пропуску, праз якія замежнікі маглі трапіць у СССР, а савецкія грамадзяне ў Еўропу. Фота: Wikimedia Commons
У дарозе распрацавалі такі план: пасля прыбыцця цягніка на станцыю адчапіць вагон, у якім едуць японскія ваенны аташэ і карэспандэнт, і пад маркай тэхнічнага агляду паставіць яго ў далёкі тупік, дзе загадзя падрыхтаваць тэхнічную брыгаду чыгуначнікаў. Пасля чаго начальнік станцыі ўвойдзе ў купэ да японскага аташэ і абвесціць, што вагон, у якім ён едзе, няспраўны, таму просіць выбачэння і прапаноўвае перайсці ў іншы вагон, для чаго да паслуг пасажыраў прыбудуць насільшчыкі для пераноскі іх багажу.
Адзін з насільшчыкаў, калі будзе несці вялікі чамадан, павінен зваліцца з дзвярной лесвічкі вагона з ім з такім разлікам, каб чамадан стукнуўся аб рэйкі. Калі з гэтага чамадана не будзе зыходзіць ніякіх прыкмет наяўнасці там чалавека, тады другі насільшчык, падыходзячы да перона станцыі, павінен спатыкнуцца з такім разлікам, каб чамадан стукнуўся аб кант перона, які звычайна акружаны рэйкамі.
Нарэшце, калі нішто з гэтага не дасць выніку, насільшчыкі мусяць шавецкім шылам зрабіць праколы ў чамадане.
Да гэтага брутальнага плана людзі з пагранатрада паспелі падрыхтаваць супрацоўнікаў станцыі незадоўга да прыбыцця на яе цягніка. Пасля прыбыцця на станцыю «Негарэлае» цягніка «Маньчжурыя — Стоўбцы — Парыж» усё было зроблена ў адпаведнасці з распрацаваным планам, але ён не даў аніякага выніку. Аташэ, як успамінаў Босы, прыкметна хваляваўся, а вось карэспандэнт паводзіў сябе спакойна.
Манументальныя пано «Індустрыялізацыя» і «Калектывізацыя», выкананыя для мытні на станцыі «Негарэлае» Валянцінам Волкавым, аўтарам дзяржаўнага герба БССР. Фота: часопіс «Искусство» №4, 1934
Ад удараў на адным чамадане ўтварылася шчыліна-ўвагнутасць. Яе заўважыў пільны начальнік атрада, якому невыкананне задання ГУДБ пагражала гадамі турмы, а можа і смерцю. Ён прасунуў у шчыліну палец, якім намацаў чалавечае цела. Нягледзячы на пратэст японскага аташэ, што ён недатыкальная асоба і яго рэчы не падлягаюць надгляду, чамаданы пацягнулі ў надглядную залу мытні.
Начальнік атрада адказаў аташэ, што рэчы надглядаць яны не будуць, а толькі дастануць з чамаданаў людзей, бо такі груз не дазваляецца перавозіць і дыпламатам. Японец тады быццам бы выхапіў з кішэні пісталет, але начальнік атрада паспеў схапіць яго за руку, і зброя выпала на перон.
На сталах надгляднай залы начальнік адкрыў чамаданы пасля таго, як аташэ адмовіўся зрабіць гэта сам. Праўда, ключы ён ім чамусьці аддаў. У кожным чамадане аказалася па жанчыне, якіх дасталі адтуль і адвялі ў памяшканне КПП. Арыштанткамі заняўся высокі начальнік, які прыбыў гэтым жа цягніком з вялікай групай супрацоўнікаў ГУДБ з Масквы.
За ўдала праведзеную аперацыю ўсіх ўдзельнікаў узнагародзілі пачастункам у рэстаране «Інтурыст» станцыі. Аташэ і журналіста выпусцілі з краіны, яны накіраваліся ў Стоўбцы, першую станцыю на польскім баку, а адтуль — далей, відаць, у Парыж.
Марыя Вегенэр, адна з затрыманых на станцыі «Негарэлае» жанчын. Фота: «Огонёк»
Маскоўскай журналістцы Алене Чакулаевай удалося высветліць, кім жа былі жанчыны, якіх нелегальна спрабавалі вывезці праз Негарэлае, і як склаўся іх лёс. У Цэнтральным архіве ФСБ ёй адказалі, што ў іх захоўваецца следчая справа адносна Марыі Георгіеўны Вегенэр, народжанай у 1897 годзе, і ейнай сямнаццацігадовай дачкі Надзеі Мікалаеўны Вегенэр.
З матэрыялаў справы вынікае, што па папярэдняй змове з аташэ японскага пасольства і журналістам газеты «Токё ніці ніці» Хідэа Кабаясі жанчыны спрабавалі незаконна выехаць за граніцу, хаваючыся ў вагонах дыпламатычнага багажу.
Асобай нарадай пры НКВД СССР ад 15 сакавіка 1936 года жанчыны «за спробу нелегальных уцёкаў за мяжу», а таксама іхняя сваячка «за неданясенне» высланы ў Варонеж. Там ужо 5 ліпеня Марыя Вегенэр памерла. Звесткі пра яе дачку губляюцца. У 2002 годзе Генеральная пракуратура Расіі адмовіла ім у праве на рэабілітацыю як ахвярам палітычных рэпрэсій.
Завязкай усёй гэта гісторыі, як выявілася далей, было палкае каханне ўласнага карэспандэнта газеты «Токё ніці ніці» ў Савецкім Саюзе Хідэа Кабаясі да Надзеі Вегенэр. Яе маці, Марыя Вегенэр, працавала ў японскім пасольстве перакладчыцай і неаднойчы з’яўлялася на дачы журналіста ў Балашысе пад Масквой. Аднойчы яна ўзяла з сабой дачку, у хуткім часе Хідэа моцна закахаўся ў яе. У журналіста канчаўся тэрмін акрэдытацыі, таму ён мусіў вярнуцца ў Токіа, дзе ў яго засталася жонка.
Надзея Вегенэр, дачка Марыі. Фота: «Огонёк»
Але, відаць, пачуцці Кабаясі былі настолькі моцнымі, што ён адважыўся нелегальна пераправіць дзяўчыну за граніцу Савецкага Саюза. Адна Надзея ехаць не захацела, таму давялося вывозіць і яе маці. Дзеля гэтага да ўдзелу ў сваёй авантуры ён падгаварыў аташэ пасольства Кона Тацуіці.
Асабістым кіроўцам дыпламата працаваў Уладзімір Яцэвіч, беларус з Пінска, які адначасова з’яўляўся і агентам НКВД. Ён рэгулярна інфармаваў савецкія спецслужбы пра жыццё Тацуіці, данёс ён і пра тое, што дыпламат збіраецца вывезці жанчын.
За ягоную верную службу савецкая радзіма Яцэвічу адплаціла спаўна. Спачатку ў 1937 годзе арыштавалі ягонага брата Леаніда, які таксама працаваў кіроўцам у японскім пасольстве. Па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Японіі ён быў расстраляны на маскоўскім палігоне «Камунарка». Праз пэўны час і сам Уладзімір быў арыштаваны як «японскі шпіён». Яго асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ў лагерах ГУЛАГа, дзе ён у 1938 годзе і памёр.
На гэтым фоне прысуд Вегенэрам выглядае неймаверна мяккім па тых часах. За спробу нелегальных уцёкаў за мяжу іх не расстралялі, не кінулі ў турму, не накіравалі ў папраўча-працоўны лагер, а нібыта толькі выслалі на тры гады з Масквы. Вегенэр, як супрацоўніцу пасольства, нават не абвінавацілі ў шпіянажы. І гэта ў сістэме, дзе рэпрэсіі былі пастаўлены на паток, а ў праўдзівасці спраў ніхто нават не разбіраўся.
Выснова напрошваецца толькі адна — Вегенэр мела заслугі перад савецкімі органамі, а, можа, нават была тайнай агенткай пры японскім пасольстве, а ўся аперацыя па вывазе была толькі прыкрыццём і разводкай наіўных дыпламатаў. Гэтую здагадку падмацоўвае і раптоўная смерць маці праз некалькі месяцаў пасля высылкі ў іншы горад. Выглядае так, быццам нехта замятаў сляды і прыбіраў сведкаў.
«Страшнае адчуванне ахапляе савецкага грамадзяніна, калі цягнік адыходзіць ад апошняй польскай станцыі Стоўбцы і павольна праходзіць праз памежную зону да знакамітай, узведзенай бальшавікамі аркі — за некалькі кіламетраў на захад ад станцыі Негарэлае… Сэрца сціскаецца, чалавек нібыта добраахвотна вяртаецца ў клетку, з якой чыста выпадкова яму на час удалося вырвацца…» Фота: Wikimedia Commons
Цікава, што яшчэ ўвесну 1935 года вайсковы аташэ, падпалкоўнік Хікасабура Хата падазраваў, што савецкія спецслужбы шукаюць шляхі да пасольства праз агентуру сярод жанчын. Хата перасцерагаў разведчыкаў ад празмернай захопленасці рускімі жанчынамі і рэкамендаваў, каб не закахацца і не раскрыць якія-небудзь сакрэты, мець адразу некалькі рускіх палюбоўніц.
Арыштаваны ў 1937 годзе як «японскі шпіён» Раман Кім, які з канца 1934 года быў прызначаны супрацоўнікам для асобых даручэнняў 6-га аддзялення 3-га аддзела ГУДБ НКВД і адказваў за контрразведку па японскай лініі, на допытах раскрыў мянушкі сваіх агентак, якія былі сужыцелькамі супрацоўнікаў японскага пасольства.
Сярод іх была і нейкая «Рыс», якая працавала сярод японцаў тры-чатыры гады, жыла з некалькімі чынамі японскага аташата, а пасля па сваёй ініцыятыве сышлася з Кабаясі… Яе сапраўднага імя Кім не называе.
Атрымліваецца сапраўдная гісторыя-пярэкрутка: «японскія шпіёнкі», затрыманыя пры незвычайных абставінах на беларускай станцыі, аказваюцца пад заступніцтвам савецкіх органаў, а беларус-кіроўца, які на іх данёс, раптам становіцца «японскім шпіёнам». Хто ведае, дзе ў сённяшняй гісторыі з затрыманнем японскага агента Масатосі Ніканісі праўда, а дзе пастаноўка?
{DONATE_PAYPAL}
У Беларусі паведамілі пра затрыманне агента японскіх спецслужбаў
Токіа пацвердзіў затрыманне грамадзяніна Японіі ў Беларусі
У Нарвегіі знайшлі мёртвым кіта, якога лічылі расійскім шпіёнам