Чатыры гады таму затрымалі Марыю Калеснікаву

Кіраўніка штаба Віктара Бабарыкі сілавікі схапілі раніцай 7 верасня 2020 года ў Мінску і паспрабавалі прымусова выдварыць з Беларусі.

07.09.2024 / 08:32

Марыя Калеснікава на акцыі 6 верасня 2020 года, на наступны дзень яе затрымаюць

Аднак Марыя на мяжы з Украінай парвала свой пашпарт, вылезла праз акно аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі. Там яе зноў затрымалі.

Праз год Марыю асудзілі на 11 гадоў калоніі.

Калеснікава адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі. У лістападзе 2022 года Марыю шпіталізавалі з перытанітам з-за прабадной язвы і зрабілі аперацыю. Але з лютага 2023 года пра яе амаль нічога не вядома.

«Ужо больш за 560 дзён інфармацыю пра Марыю я збіраю па крупінках — ад жанчын, якія сядзяць і выходзяць з калоніі. Апошні ліст ад яе мы атрымалі 15 лютага 2023 года. Да Марыі не можа патрапіць адвакат, ёй забароненыя пасылкі. Паводле маёй інфармацыі, сёння Марыя фактычна галадае ў калоніі. Яна важыць 45 кг пры росце 175 см. Яе хвароба патрабуе дыеты, таму яна не можа ёсць многае з турэмнага меню», — напісала некалькі дзён таму ў фэйсбуку яе сястра Таццяна Хоміч.

«Карміць язвеніка баландай — гэта катаваць яго і павольна забіваць. Не даваць чалавеку права на перапіску з сям'ёй-паскараць гэтую смерць. Маша не ведае, ці жывы тата і як яго здароўе. Мы не ведаем, як яе кормяць і лечаць. (…) Гэта не пра пакаранне злачынца, не пра ізаляцыю палітычнага апанента. Гэта катаванні і здзекі з чалавека, гэта злачынства супраць чалавечнасці. Недапушчальна, каб у XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы ў турме забівалі чалавека голадам», — кажа Таццяна і просіць:

— забяспечыць Марыі неабходнае харчаванне

— даць ёй неабходнае абследаванне і лячэнне

— дапусціць да яе родных і аднавіць перапіску

Nashaniva.com