Расія можа рыхтаваць дыверсіі супраць міжнародных падводных камунікацый
Распрацоўка дыверсійных аперацый вядзецца праз Галоўнае ўпраўленне глыбакаводных даследаванняў (ГУГД) Мінабароны Расіі, паведамляе «Голас Амерыкі» са спасылкай на CNN.
07.09.2024 / 08:55
Расійская падводная лодка «Акула»
ЗША фіксуюць узмацненне расійскай вайсковай актыўнасці ў раёне ключавых падводных кабеляў і мяркуюць, што цяпер Расія можа з большай імавернасцю праводзіць патэнцыйныя дыверсійныя аперацыі, накіраваныя на вывад з ладу найважнейшай часткі сусветнай камунікацыйнай інфраструктуры, паведаміла тэлекампанія CNN са спасылкай на двух ананімных амерыканскіх чыноўнікаў ва ўрадзе ЗША.
«Мы занепакоеныя павышанай ваенна-марской актыўнасцю Расіі па ўсім свеце і тым, што разлікі Расіі па нанясенні шкоды падводнай крытычнай інфраструктуры ЗША і іх саюзнікаў могуць змяніцца, — заявіў CNN адзін з чыноўнікаў. — Расія працягвае развіваць ваенна-марскія магчымасці для ажыццяўлення падводных дыверсій, у асноўным з дапамогай ГУГД — сакрэтнага падраздзялення, які кіруе надводнымі караблямі, падводнымі лодкамі і ваенна-марскімі беспілотнікамі».
ЗША рэгулярна адсочваюць расійскія караблі, якія патрулююць паблізу найважнейшых аб'ектаў марской інфраструктуры і падводных кабеляў, часта ўдалечыні ад расійскіх берагоў.
Тэлекампанія паведамляе, што асноўным цэнтрам ваеннага назірання і актыўнасці з боку Расіі сталі мора вакол Паўночнай Еўропы: у мінулым годзе сумеснае расследаванне, праведзенае Швецыяй, Даніяй, Нарвегіяй і Фінляндыяй, паказала, што Расія мае флот меркаваных караблёў-шпіёнаў, якія дзейнічаюць у водах Паўночнай Еўропы з мэтай патэнцыйных дыверсій.