Кірыла Буданаў: Telegram нясе рэальную пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны

Пры гэтым кіраўнік разведкі не выступае за тое, каб проста ўзяць і закрыць месенджар. А прапануе сваё.

07.09.2024 / 15:06

Кірыла Буданаў. Фота: Украінская праўда

Месенджар Telegram уяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны. Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Хартыя» сказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыла Буданаў.

Паводле яго слоў, ва Украіне Telegram стаў галоўнай крыніцай атрымання інфармацыі для грамадства, «ён абагнаў абсалютна ўсё». Пры гэтым Буданаў не выступае за тое, каб «проста ўзяць і закрыць» месенджар.

«Гэта, дарэчы, даволі складана зрабіць, але магчыма. Я выступаю за тое, каб «афізічыць» усе тэлеграм-каналы. Калі ты хочаш, як той казаў, вяшчаць нейкія навіны, калі ласка, зарэгіструйся. Каб усе разумелі, што гэты канал зарэгістраваны за Івановым Іванам Іванавічам, грамадзянінам РФ, які жыве ў горадзе Масква. Ці за спадаром, не ведаю, нейкім грамадзянінам Украіны. І тады ёсць адказнасць у чалавека асабіста за тое, што ён там размяшчае», — кажа разведчык.

Ён падкрэсліў, што некаторыя тэлеграм-каналы размяшчаюць «не зусім цэнзурныя матэрыялы», і гэта не тычыцца пытання вайны ва Украіне.

«А якая адказнасць? Ніякай. Так не павінна быць. Хочаш нешта рабіць — калі ласка, нясі за гэта адказнасць. Калі ўсё добра-дык чаго ты хаваешся?» — рэзюмаваў Буданаў.

Nashaniva.com