На Венецыянскім кінафестывалі скандал з-за фільма пра расійскую армію ва Украіне. У чым прычына?

Украінскія палітыкі і дыпламаты выказалі абурэнне ў сувязі з паказам на Венецыянскім кінафестывалі фільма «Рускія на вайне» («Russians At War») расійскай дакументалісткі Анастасіі Трафімавай. У Кіеве абвінавацілі рэжысёрку ў спробе апраўдаць акупацыю Украіны, сама яна запэўнівае, што стварыла антываенны фільм, піша Бі-бі-сі.

07.09.2024 / 18:25

Расійская дакументалістка Анастасія Трафімава падчас здымак свайго фільма пра вайну. Кадр са стужкі «Рускія на вайне»

Трафімава правяла некалькі месяцаў у адным з падраздзяленняў расійскай арміі ў акупаваных абласцях Украіны і зрабіла мноства інтэрв'ю з вайскоўцамі войска РФ.

У афіцыйным трэйлеры стужкі, апублікаваным у YouTube, паказаны фрагмент, у якім рэжысёрка кажа: «Еду я на свой страх і рызыку само сабой. Без любога дазволу Міністэрства абароны. Трошкі ў таямніцы ад іх».

У заяве, якую Трафімава перадала агенцтву AFP, яна сцвярджае, што хацела паказаць «цалкам звычайных людзей», якія ваююць у складзе войска РФ, і што яе стужка зняпраўджвае ўяўленне пра тое, што ўсе расійскія вайскоўцы — гэта злачынцы.

«Я хачу дакладна сказаць, што гэты канадска-французскі фільм — антываенны, і ён быў зроблены ва ўмовах вялікай рызыкі для ўсіх, перш за ўсё для мяне», — піша рэжысёрка.

Што паказана ў фільме

Як паведамляюць карэспандэнты інфармацыйных агенцтваў, якія паглядзелі фільм, яго аўтар дэманструе побыт расійскіх вайскоўцаў на фронце і перадае іх пункт гледжання на тое, што адбываецца.

У афіцыйным трэйлеры ўтрымліваюцца фрагменты некалькіх інтэрв'ю з вайскоўцамі, у якіх тыя расказваюць пра матывы сваіх дзеянняў, некаторыя выказваюць сумневы ў тым, што змагаюцца на баку, які мае рацыю.

Журналіст AFP піша, што паказаныя ў фільме вайскоўцы «не маюць уяўлення пра тое, чаму іх адпраўляюць на фронт». «Відаць, як яны з цяжкасцю спрабуюць прымусіць працаваць савецкую зброю; некаторыя паляць адну цыгарэту за другой або выпіваюць, а іх таварышы гінуць і атрымліваюць раненні», — паведамляе агенцтва.

Карэспандэнт Reuters апісвае змест фільма так: «Зброя старая, а вайскоўцы перасоўваюцца ў машынах, якія не абараняюць ад нападаў, і ў пэўны момант аператар дрона скідае бомбу на сваіх. Адзінае, што ёсць у дастатку, — гэта цыгарэты і алкаголь». «Многія салдаты прызнаюцца, што ваююць толькі за грошы і ўсё больш расчароўваюцца», — працягвае агенцтва.

Аўтары фільма сочаць за працай групы медыкаў, якія збіраюць целы загінулых; яны пачынаюць плакаць, калі трое іх таварышаў вяртаюцца з поля бою ў чорных мяшках.

«Аднак у фільме паказаныя толькі кароткія фрагменты баёў і ён не дае ўяўлення пра разбурэнні, якія расійскія войскі зрабілі ва Украіне. Адзін з вайскоўцаў адхіляе абвінавачванні ў ваенных злачынствах, вылучаныя супраць расійскіх салдат, як «немагчымыя», — піша Reuters.

Што кажуць ва Украіне

Украінскія рэжысёры, дыпламаты і грамадскія дзеячы ўспрынялі гэты фільм як абразу. Яны назвалі яго спробай апраўдаць вайну Расіі супраць Украіны і замаўчаць шматлікія ваенныя злачынствы, учыненыя расійскімі вайскоўцамі.

«Фільм можа стварыць ілжывае ўражанне пра тое, што ён антываенны і ставіць пад пытанне цяперашні рэжым у Расіі, — піша ўкраінская прадзюсарка Дар'я Басель, якая паглядзела стужку. — Аднак тое, што я ўбачыла, — гэта відавочны прыклад чыстай расійскай прапаганды».

Паводле яе слоў, аўтар фільма заяўляе, што Расія шмат гадоў не ўдзельнічала ў войнах і такім чынам «забывае» пра расійскае ўварванне ва Украіну і анэксію Крыма ў 2014 годзе, а таксама пра войны ў Прыднястроўі, Грузіі, Чачні і Сірыі.

Басель працягвае, што героі фільма Трафімавай кажуць пра «грамадзянскую вайну» ва Украіне, распавядаюць пра «бамбаванні Данбаса», «украінскіх нацыстаў» і паўтараюць іншыя лжывыя сцвярджэнні расійскай прапаганды.

«Вы адчуеце жаль да паказаных у фільме паміраючых людзей і да тых, якія аплакваюць сваіх блізкіх. Гэта правільнае пачуццё — калі вы нармальны чалавек, вы павінны адчуваць жаль, смутак і іншыя эмоцыі, — працягвае Басель. — Але важна памятаць, што гэтыя людзі сталі вайскоўцамі ў войску, якое ўварвалася ў незалежную краіну, многія з іх, як мы бачым у фільме, зрабілі гэта свядома. Трэба таксама ўспомніць Бучу, Ірпень, Марыупаль і мірных грамадзян, якія былі там забітыя».

Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак у сваім тэлеграм-канале выказаў абурэнне ў сувязі з паказам карціны ў Венецыі і заклікаў «забараніць гэты абсурд».

Цяпер фільм плануецца прадставіць на Міжнародным кінафестывалі ў Таронта. Мяркуючы па сайце канадскага медыя-фонду, які фінансуе вытворчасць розных стужак, ён накіраваў для здымак «Рускіх на вайне» 340 тыс. канадскіх даляраў.

Генеральны консул Украіны ў Таронта Алег Нікаленка заклікаў арганізатараў фестывалю адмяніць паказ. Ён абвінаваціў рэжысёрку ў тым, што яна «наўмысна скажае рэаліі вайны Расіі супраць Украіны».

«Малюючы расійскіх жаўнераў усяго толькі як «пешак», а ўварванне Расіі ва Украіну як «гнюсную гульню», мы надаём праўдападобнасць расійскім прапагандысцкім наратывам, якія перамяншаюць сур'ёзнасць і пакуты, выкліканыя вайсковымі дзеяннямі Расіі», — напісаў у сваіх сацсетках Нікаленка.

Генеральны консул Украіны ў Таронта таксама звярнуў увагу на тое, што Трафімава раней працавала на дзяржаўным канале RT, а на акупаваную тэрыторыю Украіны трапіла незаконна, разам з падраздзяленнем расійскага войска.

Сама Трафімава аспрэчыла абвінавачванні ў прапагандзе. «Здагадка аб тым, што наш фільм з'яўляецца прапагандай, смяхотна, улічваючы, што цяпер я знаходжуся пад пагрозай крымінальнага пераследу ў Расіі», — цытуе AFP заяву рэжысёркі.

Nashaniva.com