Іран хоча перанесці сталіцу з Тэгерана
Тэгеран перанаселены, ён пакутуе ад недахопу вады, асядання глебы і забруджанага паветра. Сталіцу неабходна перанесці на поўдзень, заявіў прэзідэнт краіны Масуд Пезешкіян.
08.09.2024 / 08:43
Тэгеран. Фото: Amir1140, CC BY-SA 3.0 / wikimedia.org
Эканамічны і палітычны цэнтр Ірана неабходна перанесці бліжэй да паўднёвага ўзбярэжжа Ірана, паколькі Тэгеран у ролі сталіцы мае праблемы, для якіх няма іншага рашэння, заявіў Пезешкіян, перадае Fars.
Развіваць Тэгеран з яго цяперашнімі праблемамі — марнаванне часу, лічыць ён. Сярод праблем прэзідэнт назваў недахоп вады, забруджванне паветра і прасяданні глебы.
У Тэгеране пражываюць больш за 13 млн чалавек. Гэта найбуйнейшы горад Ірана і адзін з самых густанаселеных гарадоў свету. Для большасці жыхароў сталіцы Ірана з-за перанаселенасці недаступныя якасныя ўмовы жыцця.