«Як і 500 гадоў таму, праўда і справядлівасць на нашым баку». Ціханоўская павіншавала з Днём вайсковай славы
Сёння мы адзначаем Дзень беларускай вайсковай славы — дзень, калі наш народ здабыў адну з найслаўнейшых перамогаў у сваёй гісторыі. У 1514 годзе ў Аршанскай бітве нашыя продкі здолелі на доўгі час спыніць тыя ж самыя захопніцкія амбіцыі Расійскай дзяржавы, з якімі сучасны свет змагаецца сёння, заявіла Святлана Ціханоўская.
08.09.2024 / 09:42
Святлана Ціханоўская. Фота: офіс палітыка
«Менавіта Аршанская бітва дапамагае памятаць істотную рэч: нават калі сілы няроўныя, дух і праўда на баку тых, хто змагаецца за справядлівасць. Сёння, як і тады, Беларусь сутыкаецца з пагрозай страціць незалежнасць. Але дастаткова пагартаць падручнікі нашай гісторыі, каб упэўніцца: народ заўсёды зможа даць адпор агрэсару, бо цэніць свабоду і ведае, якой цаной яна нам дасталася, — кажа Ціханоўская.
Паводле яе слоў, у Беларусі ёсць і сучасныя героі, якія ваююць на франтах Украіны за свабоду не толькі гэтай краіны, але і за незалежнасць Беларусі.
«Яны працягваюць справу тых, хто адстойваў нашую зямлю пяць стагоддзяў таму — змагаюцца з тым жа агрэсарам, што і нашыя продкі.
Мэты ў гэтага агрэсара не змяніліся: захапіць нашую зямлю, знішчыць нашую мову, культуру і права жыць так, як мы самі хочам. Ён, як і 500 гадоў таму, забівае безабаронных, выпальвае ўсё да асновы», — піша яна.
Ціханоўская дадае, што «як і 500 гадоў таму, праўда і справядлівасць на нашым баку. Таму мы абавязкова пераможам».