Украіна забараніла расейскім ваеннапалонным тэлефанаваць сваякам

Такім чынам украінскія ўлады адрэагавалі на відэа з расстрэламі ўкраінскіх вайскоўцаў расейцамі.

08.09.2024 / 14:20

Ілюстратыўны здымак. Фота: праект «Хачу жыць»

Украінскія ўлады забаранілі расейскім ваеннапалонным тэлефанаваць родным.

Пра гэта ў тэлеэфіры расказаў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец. У палонных пры гэтым застаецца права на перапіску.

«Некаторыя рэчы, скажу шчыра, мы мяняем. Напрыклад, было вельмі шмат дыскусій наконт магчымасці для расейскіх ваеннапалонных тэлефанаваць сваім родным на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі. Наша пазіцыя вельмі простая: паводле Жэнеўскіх канвенцый, ёсць права на перапіску, а не на тэлефонныя званкі», — адзначыў амбудсмен.

Лубінец дадаў, што абменьваецца лістамі ад ваеннапалонных з расейскім амбудсмэнам Тацянай Маскальковай. Гэта дазваляе зразумець, дзе знаходзяцца ўкраінскія вайскоўцы, якія трапілі ў расейскі палон, і ці жывыя яны.

Усяго ва Украіне дзейнічае чатыры спецыяльныя лагеры для расейскіх ваеннапалонных.

Рашэнне аб забароне на званкі для палонных было прынята на фоне інфармацыі аб верагодным расстрэле расейцамі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія хацелі здацца ў палон. Відэа растрэлу апублікаваў канал CNN у пачатку верасня.

Адзін з ролікаў быў зняты, як сцвярджаецца, у канцы жніўня ў раёне Пакроўска Данецкай вобласці. На відэа трое ўкраінскіх вайскоўцаў устаюць на калені, а затым падаюць і ляжаць на зямлі. Другі ролік, па даных CNN, быў зняты ў траўні ў раёне Рабоціна ў Запарожскай вобласці. На ім вайскоўцы УСУ выходзяць з паднятымі рукамі па адным з бліндажу, пасля чаго адзін з расейскіх вайскоўцаў загадвае іншаму расстраляць іх – і той страляе ўкраінцам у спіну, піша DW.

Nashaniva.com