Памёр вядомы расійскі вайсковы лётчык — ураджэнец Беларусі

Герой Расійскай Федэрацыі, лётчык-снайпер Ігар Радабольскі памёр ва ўзросце 64 гадоў.

09.09.2024 / 11:58

Фота: Расійская асацыяцыя герояў

Радабольскі быў верталётчыкам, прайшоў Афганскую вайну, а таксама дзве чачэнскія кампаніі. Агулам праслужыў 30 гадоў: спачатку ў Савецкай арміі, потым — ва Узброеных сілах РФ, піша «Спутнік».

Акрамя звання Героя РФ, меў таксама тры Ордэны мужнасці, два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн «За ваенныя заслугі» і іншыя ўзнагароды. Прычым ён быў уладальнікам максімальнай колькасці дзяржузнагарод, атрыманых адным расійскім вайскоўцам.

Радабольскі нарадзіўся ў Гродне ў 1960 годзе. Жыў у Наваполацку. У школьныя гады займаўся ў Віцебскім аэраклубе ДТСААФ. У 1983 з адзнакай скончыў Сызранскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў.

У арміі пачынаў штурманам верталёта Мі-8, а потым яму даверылі камандаваць паветраным суднам такога тыпу. Два разы быў у працяглых камандзіроўках у Афганістане. Таксама выконваў задачы ў складзе кантынгенту місіі ААН у Камбоджы ў пачатку 1990-х.

З улікам кампаній у Чачні Радабольскі здзейсніў звыш 1700 баявых вылетаў. Эвакуяваў з поля бою некалькі сотняў вайскоўцаў. Акрамя таго, выконваў гуманітарныя місіі падчас стыхійных бедстваў, у тым ліку вывез цяжка хворае дзіця з чачэнскага аула ў складаных метэаўмовах.

Nashaniva.com