У Гродне сотня чалавек змагалася за букет нявесты. Прычым яны не былі гасцямі на вяселлі
Масавая цырымонія кідання букета нявесты прайшла 7 верасня ў Дзень горада. І атрымалася яна абсалютна спантаннай.
09.09.2024 / 12:12
Фота: Newgrodno.by
Дар'я і Аляксей гулялі вяселле 7 верасня — якраз у той дзень, калі ў Гродне святкавалі Дзень горада.
Вяселле пара планавала за год, але ў арганізацыю ўмяшаліся жыццёвыя абставіны, цырымонія была на мяжы адмены. Аднак маладыя ўсё ж вырашылі не пераносіць дату і адзначыць падзею ўдваіх. Калі пара выбірала дату, маладыя і не думалі, што ў гэты дзень у горадзе будзе свята, піша newgrodno.by.
Пасля ЗАГСа і фотасесіі ўжо муж і жонка адправіліся ў гатэль, вокны іх нумара выходзілі на Савецкую плошчу. Якраз там гродзенцы святкавалі Дзень горада. Пара перыядычна выходзіла на балкон патанчыць пад музыку святочнага канцэрта.
Мінакі на плошчы заўважалі маладых — рабілі кампліменты нявесце і віншавалі з вяселлем. І тады Дар'я вырашыла зладзіць цырымонію кідання букета нявесты проста з балкона.
Усё атрымалася спантанна. На цырымонію раптам сабраўся натоўп з сотні чалавек. Пасля непрацяглай барацьбы букет дастаўся, што не зусім звычайна, маладому хлопцу.
Ён пераможна ўскінуў рукі ўверх і пакінуў плошчу ў асяроддзі сяброў.