Што цяпер чуваць пра воспу малпаў, якую месяц таму абвясцілі пагрозай свету?
Сабралі ўсю актуальную інфармацыю.
10.09.2024 / 10:49
Воспа малпаў, ілюстрацыйны калаж «Нашай Нівы»
Прайшоў амаль месяц, як Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) абвясціла рэжым надзвычайнай глабальнай небяспекі праз новы смяротны штам воспы малпаў (Mpox), які сёлета з'явіўся ў Афрыцы.
На гэты момант вядома, што хвароба з пачатку года распаўсюдзілася на як мінімум 10 афрыканскіх краін, шэсць з іх вірус ахапіў усяго за 10 дзён. Паводле новай афіцыйнай справаздачы аб'яднаных цэнтраў па кантролі за захворваннямі Афрыканскага саюзу (Africa CDC), больш за ўсё выпадкаў і смерцяў былі зафіксаваныя ў Дэмакратычнай рэспубліцы Конга, якую называюць галоўнай крыніцай з'яўлення новага штаму Mpox. Там дыягнаставалі больш за 5 тысяч выпадкаў заражэння (дадаткова падазраюцца яшчэ 22 тысяч выпадкаў) і зафіксавалі больш за 640 смерцяў на момант 8 верасня.
Пры гэтым афіцыйныя лічбы па Афрыцы могуць быць значна ніжэйшымі за рэальную колькасць выпадкаў заражэння і смерцяў, паведамляюць мясцовыя і заходнія медыя.
Акрамя Афрыкі, на гэты момант вядома пра з'яўленне новага вірусу ў Швецыі, Індыі, Пакістане, Тайландзе, Інданэзіі і Філіпінах. Паводле ўладаў Тайланду, цяпер існуе 42 «краіны рызыкі», дзе можна заразіцца новым штамам воспы малпаў, але гэтыя краіны не называюцца.
Дакладная актуальная колькасць заражэнняў і смерцяў па ўсім свеце таксама пакуль невядомая, аднак СААЗ сцвярджае, што смяротнасць новага віруса складае 3,6%, што вышэй за паказчыкі смяротнасці першых штамаў каранавіруса ў 2020-2021 гадах (1,2%).
Улады пацярпелых ад вірусу краін акцэнтуюць увагу на тым, што галоўнай асаблівасцю новага штаму Mpox з'яўляюцца працяглы і амаль бессімптомны інкубацыйны перыяд (да 21 дня), павялічаная хуткасць распаўсюджвання (у параўнанні з мінулымі штамамі воспы малпаў) і надзвычай высокая рызыка заражэння для дзяцей і жанчын.
Вакцыны ад новага штаму воспы малпаў пакуль не існуе, аднак у Афрыку сталі прыходзіць першыя партыі вакцын ад папярэдніх штамаў Mpox, якія паказалі высокую эфектыўнасць падчас адпаведных эпідэмій мінулых гадоў. Так, 5 верасня ў Дэмакратычную рэспубліку Конга з Еўрасаюза прыйшло 100 тысяч доз вакцыны MVA-BN (ад кампаніі Bavarian Nordic з Даніі), столькі ж павінна прыйсці дадаткова ў бліжэйшыя дні, піша партал EU Reporter. Перад гэтым партыю вакцыны з 10 тысяч доз атрымала і Нігерыя.
Аднак тут ёсць некалькі нюансаў. Па-першае, пацярпелыя краіны Афрыкі яшчэ ў пачатку жніўня абвясцілі ўспышку новага штаму Mpox кантынентальнай надзвычайнай сітуацыяй і ўжо тады заклікалі свет тэрмінова даслаць ім як мінімум мільён доз існуючых вакцын, каб стрымаць эпідэмію. Аднак першая партыя вакцыны прыйшла толькі праз месяц, а агульная колькасць доз, выдзеленых для Афрыкі, будзе складаць толькі палову ад запытанай колькасці.
Па-другое, кошт адной прышчэпкі вакцыны MVA-BN, якая пастаўляецца ў Афрыку, складае 200 даляраў, што не могуць сабе дазволіць большасць афрыканскіх краін. Таму вакцыну спачатку закупляюць багатыя краіны Еўропы і свету, а потым ахвяруюць яе для патрэб Афрыкі, што зніжае колькасць доз і падаўжае тэрмін іх дастаўкі на кантынент.
Нагадаем, што новы штам Mpox перадаецца праз дотыкі і іншыя віды фізічнага кантакту паміж людзьмі, уключаючы палавыя акты, асабліва калі яны мужчынскія аднаполыя. Вірус таксама перадаецца праз дыхальныя шляхі (калі людзі стаяць вельмі блізка адно да аднаго) і розныя штучныя паверхні (кухоннае начынне, ручнікі, пасцеля і іншыя).
Першыя прыкметы ўключаюць ліхаманку, галаўны боль, ацёкі, болі ў спіне, болі ў мышцах і агульную млявасць. Як толькі ліхаманка праходзіць, можа з'явіцца сып у выглядзе пухіроў, часта пачынаецца з твару. Затым ён распаўсюджваецца на іншыя часткі цела, часцей за ўсё на далоні і ступні. Сып, які можа выклікаць вельмі моцны сверб, праходзіць праз розныя стадыі, перш чым, нарэшце, утвараюцца струпы, якія пазней адпадаюць, але могуць пакідаць рубцы.
Сып ад воспы малпаў. Фота: АР
Нагадаем, што ў 2022 годзе ўжо ўзнікала рызыка глабальнай пандэміі воспы малпаў (хвароба тады таксама прыйшла з Афрыкі і распаўсюдзілася па Еўропе, Расіі, ЗША, Канадзе і Аўстраліі). Непацверджаныя выпадкі былі ў Беларусі.
Але тагачасны заходнеафрыканскі штам Mpox, у адрозненне ад цяперашняга, не перадаваўся так хутка паміж людзьмі, меў меншыя паказчыкі смяротнасці, часта працякаў у лёгкай форме і больш паддаваўся лячэнню вакцынамі ад звычайнай воспы (ў 85% выпадкаў вакцыны перамагалі Mpox). У выніку два гады таму ніякай новай глабальнай пандэміі не адбылося.
У мінулым воспа малпаў увогуле не лічылася інфекцыяй, а перадача віруса паміж людзьмі была рэдкасцю. Цяпер жа, як і засцерагалі навукоўцы, вірус мутаваў праз змены клімату, і яго стала значна складаней адсочваць.
Мінздароўя: У Беларусі выпадкаў захворвання воспай малпаў не зарэгістравана
«Воспа малпаў — гэта не новы кавід». Ці будзе ўведзены ў Еўропе каранцін?
Хочаце менш хварэць? Эксперты назвалі кавідныя звычкі, якіх варта прытрымлівацца ўвесь час