У Румыніі знайшлі фрагменты расійскага беспілотніка

Недалёка ад вёскі Перыправа паблізу мяжы з Украінай знойдзеныя фрагменты расійскага беспілотніка, пра гэта заявіла Мінабароны Румыніі. Пра тое, што ў паветраную прастору краіны заляцеў меркавана расійскі дрон, ведамства паведаміла ў нядзелю, паведамляе Расійская служба Радыё Свабода.

10.09.2024 / 07:36

Ілюстрацыйнае фота

Паводле звестак Мінабароны Румыніі, беспілотнік парушыў паветраную прастору краіны раніцай 8 верасня і затым пакінуў яе, паляцеўшы ў бок Украіны. Два самалёты F-16 вылецелі для назірання за паветранай абстаноўкай. Шлях беспілотніка таксама адсочваўся пры дапамозе радыёлакацыйнай сістэмы назірання.

У панядзелак улады Латвіі пацвердзілі, што беспілотнікам, які заляцеў 7 верасня ў паветраную прастору краіны, быў расійскі «Шахед». Дрон заляцеў з беларускай тэрыторыі.

Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў, што Расія праводзіць цынічную разведку, каб зразумець, калі NATO будзе гатовае абараняць свае межы.

Nashaniva.com