Літва рыхтуе Нацыянальны план масавай эвакуацыі

«Мы больш не можам спадзявацца на меры грамадзянскай абароны мірнага часу», — кажа міністр Агне Білатайце.

10.09.2024 / 09:54

Улады Літвы на фоне вайны РФ ва Украіне рыхтуюць Нацыянальны план масавай эвакуацыі. Як заявіла ў панядзелак міністр унутраных спраў краіны Агне Білатайце, адпаведны праект будзе прадстаўлены ўжо ў кастрычніку, піша Deutsche Welle.

«У кожнага самакіравання ёсць свой план эвакуацыі, але відавочна, што мы павінны мець план нацыянальнага маштабу і быць гатовымі да яго рэалізацыі», — сказала яна.

«Вайна супраць Украіны працягваецца, краіны нашага рэгіёну падвяргаюцца гібрыдным і дэзінфармацыйным нападам, а дыверсіі — гэта наша новая рэальнасць», — дадала кіраўнік літоўскага МУС.

Вільня запытае фінансаванне ЕС

Са слоў Агне Білатайце, Вільня вырашыла ўзаемадзейнічаць у гэтым пытанні з іншымі краінамі Балтыі і падаць заяўку на фінансаванне ад ЕС. «Заклікаем правесці ацэнку рызык на ўзроўні Еўрапейскага Саюза, каб лепш зразумець пагрозы і забяспечыць меры грамадзянскай абароны», — адзначыла міністр.

У МУС Літвы 6 верасня сказалі, што прапануюць краінам рэгіёну адаптаваць грамадзянскую бяспеку да гібрыдных і вайсковых пагроз.

У ведамстве лічаць, што пры неабходнасці эвакуацыя можа быць праведзена ў суседнія дзяржавы і іншыя краіны рэгіёну.

Пасля распрацоўкі планаў у Вільні прапануюць «апрабаваць іх падчас супольных вучэнняў». Да працэсу хочуць прыцягнуць грамадскія, няўрадавыя арганізацыі, бізнэс, міжнародныя структуры і інстытуты ЕС.

«Мы больш не можам спадзявацца на меры грамадзянскай абароны мірнага часу», — лічыць Білатайце.

У Літве завяршаюць план падрыхтоўкі да магчымай аварыі на беларускай АЭС

У краіне створана новая мадэль кіравання надзвычайнымі і крызіснымі сітуацыямі, актыўна пашыраецца сетка сховішчаў, мадэрнізуецца сістэма апавяшчэння насельніцтва.

У муніцыпалітэтах і міністэрствах ужо працуюць 65 профільных служачых, адказных за грамадзянскую бяспеку, завяршаецца пяцігадовы комплексны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да магчымай аварыі на БелАЭС.

Сейм Літвы зацвердзіў Праграму развіцця грамадзянскай абароны да 2030 года, на якую выдзелена 285 млн еўра.

У Латвіі рыхтуюць падземныя сховішчы

Між тым міністр унутраных спраў Латвіі Рыхардс Казлоўскіс заявіў, што ўлады будуць імкнуцца да таго, каб каля 5000 падземных збудаванняў да лістапада былі гатовыя да выкарыстання ў якасці сховішчаў.

У сваю чаргу ў МУС Эстоніі нагадалі, што ў пачатку года ўлады зацвердзілі чатырохгадовы і дзесяцігадовы планы дзеянняў у галіне грамадзянскай абароны і гатовыя пры неабходнасці інфармаваць насельніцтва з дапамогай СМС-паведамленняў і па іншых каналах.

У канцы жніўня стала вядома, што Польшча ў 2025 годзе на фоне вайны ва Украіне павялічыць выдаткі на абарону да рэкорднага ўзроўню ў 186 млрд злотых (48,5 млрд еўра). Варшава — на першым месцы па гэтым паказчыку ў НАТА і ЕС.

Nashaniva.com