Ціханоўская наведала беларускую краму A2 print у Вільні
Беларуская нацыянальная лідарка завітала ў краму A2 print, дзе пабачылася з сузаснавальніцай праекта, былой палітзняволенай Алесяй Буневіч і яе партнёркамі.
10.09.2024 / 10:31
Фота: ОСЦ
Яны падзяліліся гісторыяй стварэння крамы, расказалі, як працавалі падчас зняволення Алесі і змаглі не толькі захаваць, але і развіць бізнэс, паведамляе тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай.
Сёлета крама пачала супрацоўніцтва з былым добраахвотнікам Аляксандрам Клачко, які вырабляе прадукцыю пад уласным брэндам «Кусь». Аляксандр прадставіў Святлане свае вырабы, частка сродкаў ад продажу якіх будзе накіраваная на дапамогу былым добраахвотнікам.
Алеся Буневіч, у сваю чаргу, падзялілася асабістым досведам: распавяла пра цяжкасці жыцця жанчын у зняволенні і паказала ружовы халат, які выдаецца ў жаночай калоніі.
Лідарка выказала падзяку ўсім, хто працягвае працаваць над захаваннем беларускай культуры, падтрымлівае палітвязняў і добраахвотнікаў ва Украіне.
«Вельмі ўтульна ў вас, і шмат прыгожых вырабаў. Хачу пажадаць вашаму праекту поспехаў. Так важна паказваць, што быць беларусам і змагацца за вольную Беларусь — гэта не толькі годна, але яшчэ і модна!», — сказала Святлана Ціханоўская.
«Кадэбіст у чорных скураных пальчатках задаваў пытанні, і калі я не адказвала, пачынаў мяне душыць»