Як дзяцей у Германіі пазбаўляюць ад страху чытання ўслых? У школу клічуць сабаку-слухача!
Многія нямецкія (і не толькі) школьнікі адчуваюць моцны страх перад чытаннем услых. Віной аднакласнікі, якія часта падымаюць на смех і тым самым развіваюць у дзіцяці комплексы. У выніку дзеці пачынаюць запінацца і яшчэ больш баяцца чытаць перад іншымі.
10.09.2024 / 11:37
Ілюстрацыйнае фота
Вырашаць гэтую праблему ў некаторых нямецкіх школах пачалі арыгінальна — з дапамогай спецыяльна навучаных сабак-слухачоў, паведамляе тэлеграм-канал «Што там у немцаў?».
«Сабака не можа паправіць або перапыніць, калі яны чытаюць услых. Яна любіць слухаць», — кажа 30-гадовая педагог Сафі Готхарт, якая ўжо восем гадоў праводзіць такія ўрокі ў школьнікаў горада Майнц. Яе суправаджае кінг-чарльз-спаніэль па імені Лоці.
Перш чым пачаць урок, Готхарт тлумачыць дзецям паводзіны сабакі і матывуе іх прачытаць ёй што-небудзь — бо сабака чытаць не ўмее!
Часам Лоці нават сама выбірае кнігу, тыкаючы ў яе носам, і гэта прыводзіць школьнікаў у поўнае захапленне.
Асабліва карысныя такія ўрокі для дзяцей, якія перажылі досвед уцёкаў са сваёй краіны і не вельмі добра валодаюць нямецкай, кажа Готхарт. Яна хоча пазбавіць вучняў ад «страху перад кнігамі». Побач са спаніэлем дзеці адчуваюць сябе ўпэўнена, бо»для Лоці ўсе аднолькавыя».
Станоўчы эфект ад прысутнасці сабакі даказаны і даследаваннямі псіхолагаў, бо пагладжванне сабакі зніжае ў дзяцей стрэс. Сустрэць такіх сабак-слухачоў у Германіі можна не толькі ў школах, але і ў гарадскіх бібліятэках, напрыклад у Кёльне, Берліне ці Рэгенсбургу.