На вайне ва Украіне загінуў расійскі баец з ростам 140 сантыметраў
Арцём выглядаў як дзіця праз запаволенне гармону росту.
10.09.2024 / 13:09
Ва Украіне загінуў 28-гадовы белгарадзец Арцём Няфёдаў — ён выглядаў як дзіця праз запаволенне гармону росту. У інтэрнэце яго празвалі «самым папулярным ахоўнікам Расіі», піша тэлеграм-канал «Пепел Белгарад».
Няфёдаў стаў папулярны дзякуючы фэйку пра тое, што ён нягледзячы на свой маленькі рост і дзіцячую знешнасць, нібыта працаваў ахоўнікам ва Уфе. Да падпісання кантракту ён працаваў на камбікормавым заводзе ў калгасе.
У 2,5 года Арцём, які нарадзіўся ў вёсцы Салохі Белгарадскага раёна, захварэў на цукровы дыябет, які замарудзіў у яго арганізме выпрацоўку гармону росту — саматрапіну — і да 24 гадоў ён вырас толькі да 140 сантыметраў.
9 верасня 2023 года ён апублікаваў пост пра тое, што «ўжо прыехаў у Луганск», а затым — яшчэ некалькі пастоў у вайсковай форме. Апошні — 20 кастрычніка 2023 года.
Маці Арцёма Няфёдава апублікавала фатаграфію з яго магілай і подпісам «Памятаем, любім, смуткуем» яшчэ 31 снежня 2023 года. Аднак «Пепел» знайшоў гэты пост толькі цяпер — ён стаў 874-м загінулым вайскоўцам з Белгарадскай вобласці.
Як і чаму ён трапіў на вайну, улічваючы яго захворванні, — невядома.