Лукашэнка: Выбары выбарамі, мы іх праводзілі не аднойчы. І гэтыя правядзем 

Наступныя прэзідэнцкія выбары павінны завяршыць фарміраванне абноўленай палітычнай сістэмы краіны. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 верасня на нарадзе аб актуальных унутрыпалітычных пытаннях і падрыхтоўцы да правядзення палітычных кампаній, перадае БелТА.

10.09.2024 / 13:19

Фота: БелТА

У нарадзе прынялі ўдзел кіраўнікі палат парламента, кіраўнік Адміністрацыі, дзяржсакратар Рады бяспекі, старшыні ЦВК і КДБ.

«Гэтыя выбары павінны завяршыць фарміраванне абноўленай палітычнай сістэмы нашай дзяржавы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У гэтым плане, паводле яго слоў, шмат ужо зроблена. Напрыклад, у палітычнай сістэме краіны ў новым канстытуцыйным статусе запрацаваў Усебеларускі народны сход, вызначаны асноўныя падыходы да яго дзейнасці. «Але нямала трэба будзе зрабіць да прэзідэнцкіх выбараў і ў прэзідэнцкія выбары», — звярнуў увагу Лукашэнка.

Самае галоўнае, па яго словах, — гэта падрыхтоўка да будучай новай пяцігодкі: «Выбары выбарамі, мы іх праводзілі не аднойчы. І гэтыя правядзем. Але трэба рыхтавацца па-сапраўднаму да наступнай пяцігодкі. З 2026 года пачынаецца новая пяцігодка. Таму мы павінны (я так мяркую) у пачатку наступнага года правесці чарговы Усебеларускі народны сход. Мы павінны прадставіць людзям стратэгію на пяцігодку і вызначыць асноўныя кірункі нашага развіцця».

Nashaniva.com