Карпенка: Ёсць чатыры магчымыя даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі

ЦВК гатовы да любой даты.

10.09.2024 / 13:58

Ілюстрацыйнае фота са жніўня 2020 года

Ёсць чатыры магчымыя даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2025 годзе. Пра гэта пасля нарады ў Лукашэнкі заявіў журналістам старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка, піша БелТА.

«У адпаведнасці з заканадаўствам гэтыя выбары павінны прайсці не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Разам з тым дэпутацкі корпус прымае рашэнні — Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Мы пасля адкрыцця сесіі 17 верасня з дэпутатамі правядзем шэраг кансультацый. Не буду хаваць, называюцца чатыры даты магчымага правядзення выбараў прэзідэнта. Але для таго каб іх агучваць, трэба правесці кансультацыі. І зразумела, што рашэнне будзе прымаць Палата прадстаўнікоў на сваім пасяджэнні», — сказаў кіраўнік ЦВК.

Ігар Карпенка заявіў, што ЦВК гатовы да любой з прапанаваных дат, якія агучваліся для правядзення выбараў.

«Мы ўжо падрыхтавалі адпаведныя метадычныя рэкамендацыі, інфармацыйную базу. Цяпер адпрацоўваем візуальную канцэпцыю магчымага афармлення да выбараў участкаў, плакатаў — усяго таго інфармацыйнага антуражу, які мы звычайна ўжываем да выбараў», — дадаў старшыня ЦВК.

Нагадаем, што Белпол са спасылкай на свае крыніцы сцвярджае, што прэзідэнцкія выбары пройдуць 23 лютага 2025 года.

Nashaniva.com