Ва Усходнім Ціморы на імшу Папы Рымскага прыйшла палова насельніцтва краіны

Набажэнства з удзелам Францішка сабрала 600 тысяч чалавек.

10.09.2024 / 14:03

AP Photo/Firdia Lisnawati

Папа Францішак правёў імшу ў парку Тасітолу ва Усходнім Ціморы. На багаслужэнне пад пякучым сонцам сабраліся 600 тысяч чалавек — гэта амаль палова насельніцтва краіны.

Гэта першы візіт папы ў былую партугальскую калонію пасля здабыцця незалежнасці ў 2002 годзе. Месца для імшы было абрана невыпадкова: у гэтым жа парку ў 1989 годзе маліўся з вернікамі папа Ян Павел II — тады Усходні Цімор, дзе 97% насельніцтва вызнаюць каталіцтва, быў акупаваны Інданезіяй, піша AP.

Ян Павел II тады рэзка асудзіў парушэнні правоў чалавека з боку інданезійскіх уладаў і падтрымаў ціморцаў. На яго імшу тады прыйшлі 100 тысяч чалавек.

У перыяд акупацыі інданезійскія вайскоўцы ў Тасітолу пазбаўляліся ад целаў забітых змагароў за свабоду. Усяго за чвэрць стагоддзя акупацыі ў краіне было забіта каля 200 тысяч чалавек. Цяпер у Тасітолу размяшчаецца Парк міру з вялікай статуяй Яна Паўла II.

Папскія імшы ў некаторых іншых рэгіёнах збіралі часам мільёны вернікаў. Аднак службу ва Усходнім Ціморы можна лічыць самай наведвальнай з пункту гледжання долі насельніцтва краіны.

 Усходні Цімор застаецца адной з самых бедных краін свету: па дадных праграмы развіцця ААН, каля 42% з 1,3 мільёна яе жыхароў жывуць за рысай беднасці.

Nashaniva.com