Латушка — Лукашэнку: Я гатовы ўдзельнічаць у выбарах-2025, але ты — баязлівец і шулер

Павел Латушка ў сваім тэлеграм-канале адказаў Лукашэнку на ягоную прапанову ўзяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года.

10.09.2024 / 15:41

Лукашэнка сёння заявіў: «Я проста хачу, як заўсёды, ім параіць: калі яны хочуць перавярнуць краіну і ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, даказваць сваю рацыю ці яшчэ нешта, ім трэба прыходзіць і змагацца на прэзідэнцкіх выбарах». У сваім маналогу ты ўспомніў мяне. І я хачу табе адказаць».

«Я гатовы ўзяць удзел у выбарах на пасаду прэзідэнта Беларусі ў 2025 годзе. Я гатовы ўзяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах і расказаць беларусам хто ты, што ты з сябе ўяўляеш. Я гатовы расказаць пра тое, што з сябе ўяўляюць дэмакратычныя сілы, што ўяўляе з сябе дэмакратыя.

Аднак у мяне ёсць умовы, якія ты павінен выканаць: спыніць рэпрэсіі ў краіне і вызваліць былых кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі, а таксама ўсіх палітычных зняволеных, якіх ты катуеш у сваіх турмах», — кажа Павел Латушка.

«Я гатовы ўзяць удзел у выбарах, калі ты спыніш крымінальныя справы ў дачыненні да ўсіх беларусаў, якія вялі барацьбу за дэмакратыю і свабоду ў нашай краіне гэтыя чатыры гады, калі ты адменіш усе палітыка-матываваныя прысуды, вынесеныя ў дачыненні да беларусаў. І санкцыі за ўсё гэта будуць адмененыя.

Я гатовы ўзяць удзел у выбарах прэзідэнта ў 2025 годзе, калі ты забяспечыш міжнароднае назіранне. Калі міжнародныя назіральнікі разам з незалежнымі ўнутранымі назіральнікамі будуць на кожным выбарчым участку падчас выбараў. 

Я гатовы, але ты — баязлівец.

З усяго таго, што я пералічыў, ты не зробіш нічога. Таму што аддаеш сабе выразна справаздачу ў тым, што ня маеш падтрымкі ў беларускім грамадзтве. Я выйграю ў цябе, Лукашэнка, нават знаходзячыся за мяжой, калі ты зарэгіструеш мяне кандыдатам і забяспечыш незалежнае назіранне за падлікам галасоў. Выйграю не я-Павел Латушка, выйграе беларускі народ. 

Я ўпэўнены, што сярод беларускіх палітыкаў шмат тых, хто гатовы кінуць табе выклік і перамагчы цябе.

Але ты ж не дапусціш да выбараў нікога, акрамя сваіх халуёў, бо ты — шулер. 

Беларускі народ ніколі не абярэ цябе, бо беларусы цябе ненавідзяць. Ты баязлівец, хлус і забойца. Адзінае, у чым ты не схлусіў, хоць сам, вядома, лічыш інакш — у беларусаў будзе новы прэзідэнт», — рэзюмаваў намеснік старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінета.

Лукашэнка: Выбары выбарамі, мы іх праводзілі не аднойчы. І гэтыя правядзем 

Лукашэнка пракаментаваў памілаванні: Чаго іх там карміць за дзяржаўны кошт?

Карпенка: Ёсць чатыры магчымыя даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі

Nashaniva.com