Пажарныя патушылі пажар на балоце Ельня
Адразу некалькі складаных пажараў ліквідавала ўчора дзяржлесахова, паведаміла Міністэрства лясной гаспадаркі ў сваім тэлеграм-канале.
11.09.2024 / 07:45
Дзяржлесахова ліквідавала пажар і на балоце Ельня. Ліквідацыяй складанага ачага займалася каля 120 чалавек, у тым ліку 4 работнікі МНС.
Фота: Мінлясгас
Быў лакалізаваны пажар на Альманскіх балотах (Палескі лясгас).
Вечарам тушылі пажар у Дзянісавіцкім лясніцтве Крупскага лясгаса. Там таксама гарыць багністая мясцовасць, паводле папярэдніх ацэнак, ужо пашкоджана 1,8 га лесу. На ліквідацыю ачага сцягнутыя ўсе сілы Крупскага лясгаса, а таксама дапамога з Барысаўскага доследнага і Бярэзінскага лясгаса. Усяго з агнём змагаліся больш за 150 чалавек.
Мінлясгас падкрэслівае, што ўсе пералічаныя ачагі зафіксаваныя ў ягадных месцах. Зараз — сезон збору журавін. Але нягледзячы на забарону на наведванне лясоў, грамадзяне свядома ідуць на злачынства, пазбаўляючы сябе і будучыя пакаленні не толькі ягад, але багатага лесу.