Дзяржкантроль затрымаў прадпрымальнікаў, якія арганізавалі шэрыя схемы праз Wildberries і Ozon

У Магілёве выкрытая шэрая пасрэдніцкая схема рэалізацыі беларускіх тавараў, паведамляе Камітэт дзяржкантролю.

11.09.2024 / 10:37

Паводле Дзяржкантролю, магілёўская фірма арганізавала шэрую схему куплі-продажу беларускай прадукцыі (гадзіннікі, адзенне, тэкстыльная прадукцыя, шпалеры) з выкарыстаннем падкантрольных расійскіх пасрэдніцкіх структур.

На працягу 2021-2023 гг. магілёўскае таварыства набывала ў беларускіх вытворцаў тавары, якія пасля з нязначнай нацэнкай нібыта пастаўляліся ў адрас падкантрольных пасрэдніцкіх расійскіх кампаній, пасля чаго ўжо ад гэтых кампаній і з нацэнкай да 300% прадаваліся праз электронныя гандлёвыя пляцоўкі Wildberries і Ozon.

Але самі тавары не пакідалі тэрыторыю Беларусі і пасля іх замовы пакупнікамі маркетплейсаў накіроўваліся ў пункты выдачы заказаў са склада магілёўскага прадпрыемства.

За кошт выкарыстання гэтай схемы розніца ў кошце тавараў асядала на рахунках расійскіх фірмаў, а беларуская кампанія штучна заніжала атрыманую выручку і не плаціла падаткі ў бюджэт.

Акрамя таго, фірма паспрабавала незаконна вярнуць з бюджэту падатак на даданую вартасць, прычыніўшы гэтым шкоду дзяржаве на суму звыш 1,2 млн рублёў, сцвярджае Дзяржкантроль.

У дачыненні да дырэктара магілёўскага таварыства распачатыя крымінальныя справы. Нанесеная дзяржаве шкода кампенсаваная ў поўным аб'ёме.

Nashaniva.com