Ціханоўская наведала Беларускі праваслаўны прыход у Вільні пасля нападу
Беларуская нацыянальная лідарка сустрэлася са святарамі і вернікамі Беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні. Падчас сустрэчы ёй правялі экскурсію па царкве, паведамляе яе тэлеграм-канал.
11.09.2024 / 11:27
Фота: ОСЦ
Да сустрэчы таксама далучылася МЗС Літвы ў асобе Асты Андрыяускене, амбасадаркі па асаблівых даручэннях, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.
На пачатку верасня на царкву здзейснілі напад і абстралялі вокны з пнеўматычнай зброі. Падчас размовы з беларускай лідаркай святар Аляксандр падкрэсліў, што такія дзеянні парушаюць усе існуючыя міжнародныя законы: «Зразумела, што ў нас не вайна, але тое, што нельга рабіць падчас вайны па Жэнеўскай канвенцыі, у мірны час рабіць увогуле недапушчальна».
«На жаль, нагода візіту не вельмі добрая, але насуперак намаганням рэжыму, такія рэчы толькі натхняюць і аб’ядноўваць людзей. Ведаеце, гэты напад нагадаў мне часы, калі АМАП блакаваў дзверы ў Чырвоным Касцёле ў Мінску. І вось цяпер у Вільні, у розных месцах, дзе працуюць і робяць сваю справу беларусы, рэжым намагаецца пакінуць след гвалту і нянавісці. Але ж, мне вельмі прыемна было пазнаёміцца з прыходам і даведацца больш пра яго гісторыю. Святар Аляксандр сказаў вельмі грунтоўную рэч, якая мне адгукнулася: «Вы можаце заставацца праваслаўнымі, ні на крок не здрадзіць сабе і сваёй веры, вы можаце не быць звязанымі з тым гвалтам, які адбываецца ў Беларусі», — сказала Святлана Ціханоўская.