«Палкоўнікі нам не патрэбныя». Стралкова-Гіркіна ўсё ж не адправяць з калоніі на вайну

Былому міністру абароны «ДНР», які адбывае тэрмін у калоніі, двойчы адмовілі ў адпраўцы на фронт ва Украіну.

11.09.2024 / 12:03

Ігар Стралкоў-Гіркін. Фота: AP Photo / Alexander Zemlianichenko, Pool

Былы лідар прарасейскіх сепаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін не пакіне калонію датэрмінова.

Расейскія ўлады адмовілі яму ў адпраўцы на вайну, піша Mash.

«Я звяртаўся да прадстаўнікоў ваенкамата, якія наведваюць ВК, але двойчы атрымаў адмову нават у прыняцці ад мяне заявы. Адзін раз — з матывіроўкай «палкоўнікі нам не патрэбныя», — нават артыкул у якасці матыву адмовы не згадвалі. Пакуль нічога ў дадзеным плане не змянілася», — гаворыцца ў лісце Гіркіна.

Жонка экс-супрацоўніка ФСБ таксама абвергла інфармацыю аб тым, што яго адправяць на фронт. Паводле яе слоў, экстрэмісцкі артыкул, па якім судзілі Гіркіна, не прадугледжвае «перавыхавання на вайне».

Гіркін падаваў некалькі прашэнняў аб адпраўцы на вайну, аднак яму зноў было адмоўлена. Апошнія адмовы прыйшлі якраз 11 верасня.

У студзені 2024 года экс-міністр абароны «ДНР» атрымаў чатыры гады калоніі за заклікі да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці. Пакаранне Гіркін адбывае ў калоніі ў Кіраўскай вобласці.

Nashaniva.com